Палітвязень Мікалай Аўтуховіч даслаў ліст на волю свайму сябру Д. - былому асуджанаму Івацэвіцкай калёніі. Зь ім разам у адным атрадзе ПК № 5 ён утрымліваўся да пераводу «за злосныя парушэньні рэжыму» у Гарадзенскую крытую турму.
З дазволу гэтага чалавека, які цяпер пражывае за межамі Беларусі, мы публікуем урыўкі зь ліста. Палітзьняволены піша, што разьлічваць на амністыю яму як і большасьці не даводзіцца і дадае:
«Ведаю, што ўсё калі-небудзь заканчваецца, скончыцца і гэта таксама. Усім маім суайчыньнікам прывітаньне! Дзякуй вам усім за падтрымку!»
У сваім лісьце Мікалай Аўтуховіч адзначае:
«Паміраць дакладна ў хуткай будучыні не зьбіраюся. Не дачакаецеся! Шмат справаў трэба яшчэ зрабіць»
Згодна з асаблівасьцю утрыманьня ў «крытцы», былы ваўкавыскі прадпрымальнік, воін-аўганец, абмежаваны ў перадачах, спатканьнях з сваякамі, шпацырах на паветры.
Аўтуховіч паўторна асуджаны ў траўні 2010 на 5 гадоў паводле артыкулу аб незаконных дзеяньнях са зброяй.
«У мяне асаблівых навінаў няма. За выключэньнем таго, што тут усё аднастайна. Тут мы ўдваіх. Кожны дзень адно і тое ж. Шмат чытаю і пішу. Так пралятае час, а па вялікім рахунку і жыцьцё. Магу толькі ўявіць сабе, колькі добрых справаў можна было б зрабіць на волі за гэтыя гады. Ад 2005 года. Шчыра кажучы, крыху прыбівае: замкнёная прастора, арганізм падносіцца. А за якія такія справы я тут ніхто адказаць ня можа. Усе будуць паціскаць плячыма і перакладаць віну на іншых, калі прыйдзецца адказваць. І так усё ў жыцьці гэтай няшчаснай краіны. Ніхто ні за што адказваць ня хоча».
Зь ліста Аўтуховіча..
Радыё Свабода