Адміністрацыя Гарадзенскай турмы разьбіраецца, ці званіў Мікалай Аўтуховіч сваёй маці.
Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена паведаміла, што перадала мужу перадачу, атрымлівае ад яго лісты. «У яго ўсё нармальна, вось толькі могуць узьнікнуць праблемы з-за званку, які нібыта Мікалай зрабіў з турмы», - кажа Алена.
«Быццам ён званіў сваёй маці. Але ён ніяк з турмы ня мог званіць сваёй маці. Гэта сур’ёзнае парушэньне. І ў яго з-за гэтага зараз праблемы. Могуць пакараць, нечага пазбавіць. Тое, што было напісана ў інтэрнэце, не адпавядае рэчаіснасьці».
23 лютага ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра
тое, што Мікалай Аўтуховіч праз сваю маці павіншаваў былых вайскоўцаў з Днём абаронцаў Айчыны, а жанчын - з 8-м сакавіка. Жонка вязьня мяркуе, што гаворка ішла пра ліст, а не званок. «Магчыма, журналісты пераблыталі», - кажа Алена.
Грамадзянская актывістка Тацяна Кім, якая лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам, атрымала ад яго ліст. Мікалай Аўтуховіч дае ў гэтым лісьце ацэнку дзейнасьці апазыцыі.
«Незразумелыя крокі апазыцыі. Зноў як у байцы Крылова пра лебедзя, рака і шчупака. Няўжо дзеля таго, каб зразумець, што рабіць, трэба адседзець два гады ў турме? Сумна».
Радыё Свабода