ГуртThe Toobes, пiшуць на сайце
АДС, трапіў у спіс прэтэндэнтаў на выступ на фестывалі «Glastonbury-2010» - адной з галоўных падзеяў у сусветнай музыцы. Фэст праводзіцца непадалёк ад брытанскага гораду Гластанберы з 1970 году. Сёлета хэдлайнерамі будуць U2, Muse і Стыві Уандэр. Упершыню тут могуць сыграць беларусы.
The Toobes зрабілі першы крок, каб з'явіцца перад аўдыторыяй у 200 000 слухачоў на «Glastonbury-2010». Праз брытанскі музычны часопіс «Q» яны трапілі ў спіс гуртоў-прэтэндэнтаў. На іх конкурснай
старонцы іх прадстаўляе брытанскі музыка Трыкі: «Гэта лепшая каманда, якую я чуў за апошні час. Яны не прыйшлі, як большасць іншых, з такіх краінаў як Амерыка ці Вялікабрытанія. The Toobes грунтоўна нанеслі Беларусь на музычную мапу свету».
Схема адбору выступоўца на «Glastonbury-2010» досыць складаная. З 150 прэтэндэнтаў журы адбярэ найлепшыя гурты для фінальнага праслухоўвання. Пасля канцэрту фіналістаў у Лондане і будзе абраны адзін удзельнік «Glastonbury-2010», які выступіць разам з хэдлайнэрамі фэсту U2, Muse і Стыві Уандэрам.
Фестываль пройдзе з 23 па 26 чэрвеня ў англійскім графстве Самарсет. Квіткі на ўсе дні былі раскупленыя на пачатку лютага яшчэ да абвяшчэння хэдлайнераў.
Фотаздымак: Максiм Тарналицкi