Як нас перапісалі падчас перапісу насельніцтва ў Эквадоры

Dec 06, 2010 10:40

Эквадор развейвае стэрэатыпы. Вы калі-небудзь думалі, што на экватары холадна і выпадае снег?




Гэта я на вяршыне вулкану Пічынча - 4790 метраў вышынёю. Дарэчы, першая горная вяршыня ў маім жыцці. Там, наверсе, захоплівае дух не толькі ад недахопу кіслароду, але і ад віду хмараў пад нагамі, спячага кратара вулкану, горных птушак, якія ядуць пячэнне з рукі.














Заўсёды думала, што ўзбірацца на гару цяжка, як цяжка падымацца па доўгай лесвіцы. Аднак апынулася, што фізічнай падрыхтоўкі ў нас хапае, а вось дыхаць на вышыні сапраўды цяжка. Дзве гадзіны пяцьдзесят хвілінаў мы ішлі, караскаліся на Пічынчу. Спачатку адпачывалі на кожным узгорку. Затым, калі пабачылі вяршыню, ісці стала прасцей.













Калюня з Оляй на вяршыні Пічынчы ўзнаўляюць дыханьне.




Затым павесялелі і зрабілі фотку для мамы.







У гэты час Марсэль ужо спускаўся з гары.




Дарэчы, снег на экватары не толькі на вяршынях гораў. Мы прыехалі ў сталіцу Эквадора Кіта, калі там тэмпература пасля абеду не падымалася вышэй за 15 градусаў. Час ад часу ішоў град. А бывала, вяртаемся з гораду, а дарогу да дому заваліла снегам.

Увогуле, надвор'е тут прыкладна аднолькавае кожны дзень. З раніцы да абеду паліць сонца, а вечарам набягаюць хмары, становіцца холадна ды ідзе дождж. І так кожны дзень.

Аўтастоп у Эквадоры пакуль самы лепшы пасля Гватэмалы. Па дарозе на Кіта нас забраў дальнабой Віктар. Прыехалі ў нейкі маленькі гарадок ужо зацемна. Віктар прапанаваў пераначаваць у яго. Кватэра дальнабоя аказалася як дзве кроплі вады падобная на пакой у матэлі - два ложкі, туалет з душам і старэнькі чорнабелы тэлевізар. І акрамя паўпустых бутэлек ад Кока-колы, больш ніякіх рэчаў.




Раніцай мы зайшлі ў мясцовую кавярню. На сцяне там вісела вось такая карціна.




Вам нічога не нагадвае? Гаспадыня кавярні не ведае, адкуль у яе гэты твор мастацтва.

Неўзабаве нам спыніўся грузавік без бартоў у кузаве. Падбягаем, глядзім - мужык выйшаў з машыны пассаць. Ну, думаем, значыць, не нам спыніліся. Аднак ссучы мужык маша нам аною рукую: "Siga, Siga!" (Праходзьце, праходзьце!). Неяк прывязалі нашыя рэчы рамянём і паехалі, трымаючыся за гэты рамень, калі заносіла на горных паваротах.










А вы, дарэчы, ведалі, што на экватары, мала таго што неверагодна горача (сонца тут найбліжэй да зямлі і а поўдні падымаецца роўна над галавою), дык яшчэ і суха? Тут сапраўдная пустэля з кактусамі, калючкамі і алоэ.







Але гэта, вядома ж, толькі частка Эквадорскага клімату. Акрамя халодных і снежных гораў ды гарачай і сухой пустэлі, тут ёсць і душныя ды вільготныя джунглі.

Пасля еўрапеізаванай і амерыканізаванай Калумбіі, Эквадор парадаваў вялікай колькасцю індзейцаў. Да таго ж, у нацыянальных строях.






















У мінулую нядзелю ў Эквадоры праходзіў перапіс насельніцтва. Ніхто, акрамя перапісчыкаў, міліцыянтаў, пажарнікаў і супрацоўнікаў хуткай дапамогі, не меў права выходзіць на вуліцу. Не працавала ніводная крама, не хадзіў грамадскі транспарт. Уся краіна - як пасля апакаліпсісу - пустыя бязлюдныя вуліцы. А дванаццатай да нас завіталі перапісчыкі. На нашае здзіўленне, тут перапісваюць не толькі эквадорцаў, але і замежнікаў, так што дзяўчаты перапісалі не толькі гаспадароў кватэры, але і нас з Верасьнем.




Пазначылі ўсё - нацыянальнасць, узрост, адукацыю... Праўда на графе "раса" крыху запнуліся. "Бланка?" - уважліва гледзячы на мяне запытала перапісчыца. "Покіто роха", - сказала я, паказваючы свой абгарэлы на эквадорскім сонцы твар. Так што цяпер, згодна з афіцыйным перапісам насельніцтва, у Эквадоры жыве прынамсі два Беларусы.







Эквадорцы ганарацца, што неяк да іх заязджаў сам Хуан Пабло другі.










Мужчыны працуюць.







Аддавала скрыпку на рамонт мясцоваму майстру - сеньёру Оліво.







Учора з Верасьнем і Алісай выехалі з Кіта ў бок Перу. Нас падвезла Марыя з дачкой Рэнатай. Жывуць яны каля таго самага вулкану Тунгураўа, пра вывяржэнне якога днямі напісалі многія СМІ. Насамрэч вулкан не пачаў толькі што вывяргацца. Колькі Марыя сябе памятае, вулкан заўсёды быў актыўным, і ў ясны дзень можна пабачыць не толькі дым і попел, але нават полымя. Ніколі не думала, што ля актыўнага вулкану можна жыць. Але гэта так. Мясцовыя ўжо звыкліся да такога.




Марыя запрасіла нас да сябе пераначаваць, а заадно і звазіла нас да сваіх сяброў індзейцаў, якія жывуць літаральна пад вулканам.




Пакуль даехалі, зусім сцямнела. Мы выпілі прыгатаванае гаспадыняю какао, адзелі понча і пайшлі слухаць вулкан. Напэўна, самае неверагоднае, што мне даводзілася чуць за сваё жыццё. Стаім у поўнай цемры, паўз нас ціха праплывае туман. І дзесьці там, у ім хтосьці невядомы і вялікі разьдзімае велічэзнае вогнішча.

taburet, ecuador, photo

Previous post Next post
Up