Aug 30, 2011 19:27
Узгадка Лукашэнкі пра круглы стол з апазіцыяй выклікала нездаровы ажыятаж. Некаторыя “палітыкі” нават выказалі гатовасьць сядаць за круглы стол без аніякіх папярэдніх умоваў. Тут відавочнае непаразуменьне бакоў.
Што прапануе Лукашэнка? Лукашэнка прапануе сабрацца і абмеркаваць праблемы ў краіне. Гэта значыць ён прапануе дыялог, то бок, кажучы яшчэ прасьцейшымі словамі, ні да чаго не абавязваючую размову са сваімі апанентамі (пры тым што да канца не зразумела, каго ён лічыць сваімі апанентамі).
Што разумее апазіцыя пад тым, што прапануе Лукашэнка. Мяркуючы па апошніх заявах лідэраў апазіцыйных рухаў, яны пад спалучэннем “круглы стол” разумеюць працэс перамоваў з уладамі пра рэформы ў краіне ці, нават, пра перадачу ўлады.
Але які рэзон Лукашэнку ісці на перамовы? Правільна - ніякага. Апазіцыя - занадта слабы суб’ект, каб зь ім весьці нейкія перамовы. Рэальнага ўплыву, хаця б блізка сувымернага уплыву Лукашэнкі, апазіцыйныя партыі не маюць. Лукашэнка можа пайсьці толькі на дыялог (т.б. размову), і то пад моцным зьнешнім ціскам. Зьнешні ціск зараз ёсьць. І, адпаведна, магчымасць для дыялогу таксама.
Але навошта апазіцыі дыялог у такіх умовах? Натуральна, апазіцыі неабходна размаўляць з уладамі. Гэта ўзбагачае палітычны працэс і дазваляе прымаць больш адказныя рашэньні. Але гэта ў нармальных свабодных грамадствах. У нас, калі апазіцыю называюць “пятай калонай”, б’юць і саджаюць за краты безь віны, жаданьне ісьці на дыялог (паўтаруся - ні да чаго не абавязваючую гутарку, якая дазваляе атрымаць бонусы ўладзе ў вачах Захаду) з боку апазіцыі - гэта проста нейкі гатунак мазахізму або скрайні варыянт наіўнасьці і інфантылізму. На што яны спадзяюцца? Што асабліва лаяльным дадуць месца ў парламенце? Дык мы гэта ўжо праходзілі ў 2008. Ці што прэзідэнт адумаецца і прыме прапановы апазіцыі? Гэта зусім глупства.
Можа варта захаваць годнасьць і папрацаваць дзеля таго, каб улада сама запрасіла перамоваў (не дыялогу!)? Як тое было ў Польшчы, на прыклад. Для гэтага трэба будаваць структуры, працаваць з насельніцтвам, шукаць у яго падтрымкі, браць на сябе адказнасьць. Ці гатовая да гэтага нашая апазіцыя?
дыялог,
Беларусь,
апазіцыя