Вярнуўся з Лондану. Мерапрыемства ў Чэтэм Хаусе атрымалася нават лепш, чым я чакаў. Быў Тапіола, быў Дэмеш, быў былы брытанскі амбасадар у Беларусі, чыноўнікі, навукоўцы з Лондану і Оксфарду, якія займаюцца Ўсходняй Еўропай. Увогуле, гэта было першае мерапрыемства такога ўзроўню ў Брытаніі прысвечанае Беларусі. Было выказана шмат крытыкі ў бок ЕС, шмат абмеркаваньня выбараў, вельмі шмат пытанняў па цяперашняй сітуацыі. Хто пра што казаў агучваць ня буду, бо зьвязаны правіламі Чэтам Хауса, скажу толькі, што было шмат вострых заяваў і неаліткарэктных выказванняў. Усё як я люблю ))
У Лондане ўвесь тыдзень было +25, усё цьвіце, у парках недзе прыткнуцца - столькі людзей, адкрыліся пляжы. Сапраўднае лета. Гэтым разам было крыху болей часу - наведаў Вестмінстэрскае абацтва і абыйшоў пехам увесь цэнтр гораду - ад Букінгемскага палаца да Таўэра. Горад, дарэчы, нашмат сьвятлейшы і весялейшы, чым на карцінках-фатаздымках, нават нягледзячы на ўсю імперскую манументальнасьць і масіўнасьць. Можа гэта ад сонечнага надвор'я? І вось яшчэ - ў горадзе чыста. Вельмі чыста. Нават у парках, дзе адпачывае велізарная колькасць людзей. Так што вобраз Менска як самага чыстага горада зачна памерк.
Ангельцы - ў чаканьні манаршага вясельля. Партрэты маладых - на ўсім, чым можна толькі ўявіць. Газеты пішуць пра павелічэньне вэлфэру для алкаголікаў і наркаманаў, а таксама пра Рыната Ахметава, які набыў самы дарагі пентхаус у Лондане. На Пікадзілі зялёныя пратэстуюць супраць продажу Фуа Гра ("Катаваньне ў кансервавай бляшанцы").
Большую частку вольнага часу ўсё-ткі правёў у цудоўнейшых лонданскіх кнігарнях, дзе можна знайсьці практычна ўсё. Ёсьць нават цэлая вуліца, на якой разьмешчаныя кнігарні рознага профілю і букіністычныя крамы. Тут можна набраць кніжак, замовіць кавы, уладкавацца ва ўтульным фатэлі і сядзець-чытаць...