За нашу і вашу свабоду

Feb 21, 2008 00:13

Вярнуўся з прыёму ў гонар 90-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Літвы. На гэты (юбілейны) раз літоўцы ладзілі прыём у Філармоніі. Культурная праграма складалася з выступу амбасадара сп. Багдонаса, які па-беларуску распавёў пра "нашу супольную дзяржаву Вялікае княства Літоўскае, дзе дзяцей вучылі і Біблію чыталі на старабеларускай мове", і пра тое, што зараз у нас зусім розныя палітычныя лады; потым слова ўзяў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка і таксама па-беларуску працытаваў афарызм амерыканскага пісьменьніка пра тое, што "ў добрых суседзяў заўсёды добрыя платы", чым нямала зьдзівіў аўдыторыю.

Цьвіком культурнай праграмы быў выступ Віленскага камернага аркестра пад кіраўніцтвам Данатаса Каткуса. Каткус, гэты стары дзядок, валодае такой харызмай і артыстызмам, што яму трэба ў кіно здымацца ці быць палітыкам, а не махаць дырыжорскай палачкай. Пад час выступу ён сам абвяшчаў і каментаваў творы, рассыпаючы пры гэтым досьціпы, і трымаўся надта натуральна. Карацей, усе засталіся ад яго ў захапленьні. Так што калі будзе магчымасьць, абавязкова раю паслухаць Каткуса і ягоны аркестар.

Ну а потым усе пілі і елі.

літоўцы, даты

Previous post Next post
Up