Забойства на вуліцы Сьвіслацкай

Jun 16, 2016 16:57

Дождж пачаўся імкліва - не пасьпела сіняе воблака наплыць на сонца і згладзіць кантрасты, як з шумам і плёскатам паліло, ускіпелі вадзяныя бурбалкі на асфальце, пацяклі бялявыя пляміны кветкавага пылку. Хтосьці распусьціў парасон, хтосьці пабег бегма, хтосьці схаваўся пад каштанамі, а яны ўскочылі пад бэтонавы брыль з пабляклай і парэпанай шыльдай «Кампутарныя паслугі насельніцтву». Адзін у блакітных джынсах і футболцы з пальмамі, другі ў сьветлых нагавіцах і кашулі з кароткім рукавом.

- Вось дык дожджык!
- Добры!
- Люблю такі!
- І я. Асабліва калі навальніца!
- Зараз усё ўдарыць у рост. Толькі дажджу і чакалі.
- Ага. А то ў апошнія гады суха неяк, ані сьнегу ўзімку, ані дажджу ўлетку.
- Можа, праз глябальнае пацяпленьне. Нездарма ж столькі гадоў пра гэта і тут і там.
- Можа так, а можа і цыклы. У гісторыі шмат чаго паўтараецца, і калі ў запісах пашукаць, дык і ня тое знойдзеш.

Па вуліцы пракаціў павольны аўтобус з аранжавымі агнямі, падымаючы па бакох шумныя плясты вады. Твары за запацелым ішклом бялелі мутнымі размытымі аваламі. Прашалахцеў бліскучы ад пырскаў раварыст, упарта схіліўшы галаву, абцягнутая трыко сьпіна й голыя калені здаваліся сьпіной і каленямі надзіманае лялькі. Парачка, што паціскалася пад змоклым каштанам, нарэшце адважылася і пабегла кудысьці прэч, трымаючыся за рукі й рагочучы. Неба цямнела.

- Усё сячэ.
- Выдатна.
- Даўжэй бы не сьціхаў.
- Шкада, калі адразу скончыцца.
- Так. Памятаю, маёй бабулі таксама вельмі дождж падабаўся.
- Колькі яна пражыла? Што да мяне, дык я сваіх ужо не засьпеў, аніводную.
- Семдзесят дзевяць. Бывала, дождж ілье, а яна ля вакна стаіць і шэпча: у такую прыгажосьць і памерці не шкада.
- Мудрыя словы. Калі ўжо абіраць сабе сьмерць, дык каб усё вакол было прыгожа. Каб апошнім разам наглядзецца і... нырнуць.

Яны зірнулі адзін на аднаго і адвярнуліся. Рабілася халадней. Адзін засунуў кулакі глыбока ў кішэні ды падняў плечы, другі скрыжаваў рукі ды паціраў далонямі вышэй локцяў. З брыля па-над імі ліло, у суседнім акне зацягнулі напаўпразрыстую фіранку й запалілі лямпу. Былі бачныя кухонныя шафкі з крыштальнымі келіхамі за шклом, вафельны ручнік, дзелавіта-рахманыя жаночыя рухі, ахінутыя плюшавым халатам. Справа ішла да вячэры.

- І я таксама.
- Што?
- Мяркую.
- Пра што мяркуеш?
- Пра сьмерць. Што добра было б вось гэтак памерці.
- Кінь. Нам яшчэ жыць ды жыць. Альбо ў цябе са здароўем нелады?
- Не, здароўе ў парадку. І асабістае жыцьцё ў парадку, сям’я. І не галадаю, бачыш, нават чэраўка наеў. І працай не занураны...
- Пасумаваць захацелася? Альбо пафілязафаваць? Разумею. З усімі здараецца. Хоць можа й не з усімі, а толькі з тымі, у каго схільнасьць.

Яны амаль сынхронна папляскалі па кішэнях, дасталі цыгарэты і доўга закурвалі, хаваючы агеньчыкі запальніц у стуленыя далоні і ўхіляючыся ад ветру. Адзін прыхінуўся да зачыненых наглуха жалезных дзьвярэй, другі прысеў на кукішкі, але зь нязручнасьці й волкасьці адразу падхапіўся. Дым зьдзімала начыста, вадзяны пыл душыў тытунёвыя вугольчыкі, тонкая папера гарбацілася пад выпадковымі кроплямі. Рэшткі чыстага неба зганяліся змрочнымі хмарамі да далёкага гарызонту.

- Ты дапаможаш?
- Ты пра што?
- Дапамажы мне памерці.
- З глузду зьехаў. Што ты вярзеш!
- Менавіта калі ўсё добра, трэба паміраць. Потым будзе горай.
- Лухта. Можа, наадварот стане яшчэ лепей? А ў магілу ніколі ня позна.
- Ня стане лепей. Я састарэю, буду лядашчы, бедны, буду хаваць сяброў і сваякоў адно за адным, буду хварэць. Не хачу.
- Згодны, дробка сэнсу ў гэтым ёсьць. Згодны. Я б нават і дапамог табе. Але мне што потым рабіць? У турму садзіцца? Жыцьцё сабе псаваць дзеля цябе?

Моцны парыў ветру выгнуў пругкія дажджавыя бруі, выкруціў навыварат кусты, кінуў ім на калашыны пакамечаныя каштанавыя лісты. Ледзь наводдаль пачуўся трэск, і зь верхавіны старой бярозы паляцеў уніз, зьмінаючы й блытаючы зялёныя пасмы, крывы разлапісты сук. Зваліўшыся ў траву, ён пахіснуўся і застыў, бялеючы сьвежым заломам і ірванай стужкай бяросты. Яны з хвіліну глядзелі на мёртвы сук. Вуліца абязлюдзіла, засталіся толькі вецер і вада, нават машыны зьнiклi, быццам таксама хаваліся ад буры.

- Ты ня бойся.
- Хопіць.
- У мяне ўсё гатова.
- Мяне не прыплятай. Ідзі ды ўтапіся спакойна.
- Не, сам я не магу, проста фізычна! А мы так зробім, што цябе не западозраць.
- Ды ці мала хто нас заўважыць! Ці адбіткі, ці пырскі крыві, ці ДНК ўсякія, ведаеш.
- Глядзі, які лівень! Усё змые начыста. Тут па хмызах, потым да рэчкі, там у зарасьніках ні душы. І ніякіх натугаў, абяцаю!
- Паверыць не магу... Добра! Згаджаюся праз чыстую салідарнасьць аматараў дажджу. Але ўлічы, калі нават найменшы сумнеў - я сыходжу. Ну, пабеглі!

Яны наўскасяк праціснуліся праз густыя хмызы, у некалькі імгненьняў вымакнуўшы наскрозь, і перабеглі цераз дарогу, па костачкі ў шырокіх ручаях. Узьняўшы рукі, перасеклі зарасьнікі крапівы, па пояс у высокай траве прасьлізгалі ўніз і, рассоўваючы галіны вербалозу, заскакалі па купінах уздоўж ракі. Дождж ліў строма, доўгае лісьце скакала, блішчала, бруі мелкай рэчкі бурлілі, напружваліся й перапляталіся. Ззаду і зьверху правуркатаў прыглушаны сьляпы гром.

- Тут усё.
- Дзе?
- Вось пакунак, пад бервяном.
- Ну, давай паглядзім, што там у цябе...
- Плястыкавыя хамуты ды пару поліэтыленавых пакетаў.
- Я зразумеў. Усё проста. Фіксуем рукі й ногі, а потым мяшкі на галаву.
- Дакладна. Вяжы мяне да гэтай вярбы. Мацней зацягвай. Вось так, добра. Цяпер пакеты, па адным, у некалькі слаёў, каб напэўна. І дзякуй табе.
- На здароўе, сябра. Хаця якое ўжо тут здароўе! Чакай, не тузайся, я яшчэ адзін мяшок надзену. Ды ціха ты! Розумам не згаджаюся, але сэрцам я з табой. Бывай.

аповеды

Previous post Next post
Up