Jul 02, 2014 14:54
Паціху чарната ажывала. Праяўляліся вобразы, прадметы, і ўсе - чароўна насычаных колераў, зь цьвёрдымі акруглымі гранямі, быццам зробленыя зь ледзянцоў. Дакрануцца было немагчыма, і я глядзеў. Мае таварышы, якія аказаліся жыцьцяздольнейшымі за мяне, ужо на ўсю моц займаліся: дзяўчынка Леначка, былая сьляпая, танчыла перад люстэркам у велізарных ліловых слухаўках, а вакол яе ў такт нячутнай музыцы ўспыхвалі россыпы далікатных промняў; аўтааматар Рыгор, сагнуўшыся над джойсьцікам, насіўся па сэрпантынам на навюткіх нісанах, перакульваўся, ляцеў, узрываўся букетам вогненных аскепкаў і імчаў далей; шахцёрскі сірата Куценька з блажэннай усьмешкай плыў на белай хмарцы над залатымі палямі, над зялёнымі лясамі, над новабудоўлямі, з жаўрукамі.
- Як до-обра, Ролю, га? Як хо-ораша! - сьпяваў Куценька.
Я не адказваў.
- Не лянуйся, ствары штосьці, зрабі сабе па-альчыкі.
- Мне тут не падабаецца.
- Ну навошта ты адразу! - Леначка ссоўвала слухаўку. - Гэта толькі пачатак! Далей будзе цікавей! Ну што ты дзічышся?
- Не хачу. Сыду.
- Цябе не адпусьцяць!
- Уцяку.
- І як жа ты ўцячэш?
- Уцяку.
- Да матухны захацеў? А пра Белага Паляўніка чуў? - паварочваўся Рыгор. - Ад яго не схаваешся, ён за кілямэтры зьбеглых чуе! І бачыць скрозь сьцены, скрозь атамную рашотку! Ловіць такіх, як ты, коле з шпрыца атрутай і душыць.
- Лухта.
- Сам ты лухта! Ляжыш тут і ня ведаеш анічога. А нам ужо шмат чаго распавялі.
- Яны ня могуць трымаць тут чалавека супраць волі.
- Чалавека мо й ня могуць. Але хто тут чалавек?
Я маўчаў.
- І ведаеш што?
Ён нахіліўся да мяне. «Каго зьбеглага зловіць - наругаецца і скарыстаецца. Жах які юрлівы, усё яму мала». Ён адвярнуўся і самазадаволена круціў галавой, разьмінаючы шыйныя пазванкі. На ўкормленым карку пераліваліся зморшчыны скуры. Гад! І тут я раптам зразумеў той унутраны рух, якім ствараюць рэальнасьць і робяць сабе пальчыкі. Я ўжо адчуваў, як яны распухаюць і выцягваюцца - дужыя, касьцяныя, з агрубелымі кончыкамі.
Змрочныя засьценкі