Трагедыя старасці

Jun 16, 2013 07:56



"Трагедыя старасці не ў тым, што ты стары, а што - малады". (Оскар Уайльд)

Трагедыя старасці ў тым, што яшчэ малады,
Хаця ўжо старыя і твар, і аслаблае цела.
Ды шчэ не кранулі спаўна халадзечай гады,
Якія нясуцца над беднай душой звар’яцела.

Трагедыя старасці ў тым, што не можаш знямець,
Калі ўжо табою валодае стома - знямога.
І хочацца вершы складаць і камусьці іх пець,
І верыць у добрых людзей і ў магутнага Бога.

Трагедыя старасці ў тым, што, хоць многа спазнаў,
А свежасць яскравых пачуццяў яшчэ не зліняла.
І хочацца зноў наталяцца духмянасцю траў
І верыць у тое, што покуль душа не сканала.

Трагедыя старасці? Эх, мне бы толькі дажыць -
І ўсмак пагуляць па квяцістаму летняму лузе...
А там пагляджу, што са старасцю гэтай рабіць,
І неяк па-свойму з трагедыяй той разбяруся...

6.09.2010

Прасці, Божа, дзіцячы вершык.

мае вершы(кі)

Previous post Next post
Up