Пра дзень 3 ліпеня 2011

Jul 04, 2011 18:58

Учора прыйшла на другі этап акцыі маўклівага супраціву, а менавіта а 19 гадзіне. Выйшла на прыпынку з боку вуліцы Кірава, і пакуль ішла ў кірунку вакзала, акурат патрапіла ў натоўп з пратэстоўцаў, гэбістаў-амонаўцаў, выпадковых мінакоў і журналістаў. У натоўпе адбывалася патасоўка: сілавікі выцягвалі грамадзян, якіх намагіся адбіць іншыя людзі. Дурдом быў яшчэ той, бо, як вядома, брытагаловыя так стараліся, што запіхнулі ў аўтобусы парачку сваіх жа. На кожнага пагружанага ў транспарт уся вуліца ўключна з людзьмі ў вокнах рэагавала плясканнем і уканнем, а часам і крыкамі жаху. Блін, мая рашучасць удзельнічаць у акцыі хутка пачала таяць, бо немагчыма было нават сказаць, каго болей - звычайных людзей ці лысых вырадкаў. Я нырнула ў пераход і зайшла ў вакзал. У будынку было багата міліцыі ў форме і ў штацкім. Я ўзгадала пра выдатны панарамны від зверху, дзе мусіць быць добра відаць усе падзеі ўнізе. Купіўшы кубачак кавы, я прыклеілася носам да шыбы. Побач прыстасавалася людзей з півам, прычым неўзабаве прастора ля вакна сталася цалкам занятай. Зверху я пабачыла, як шмат гэтай шушары. Амонаўцы ачышчалі пляцоўку перад уваходам, мужыкі ў джутах бегалі за моладдзю, заганяючы іх у падземку. Гэбэшнікі вольна пераходзілі дарогу ў непаложаным месцы, пакуль іх таварышы з ДАІ спынялі жэзлам машыны. Бачыла патасоўку вакол сям'і з дзіцём, бачыла, як сціскаюць людзей у вузкае кола, з-за чаго псіхічна момантам узнікае паніка ад цісканіны, нават калі вакол усяго 10 чалавек.

Побач хадзілі гэбэшнікі нават не з навушнікамі, а вольна з рацыямі, якія хрыпелі, каму куды прайсці. Хутка з'явіўся ля нас жэўжык, які запатрабаваў вызваліць вакно (!). "Хопіць глядзець, адыдзіце ад шкла, няма чаго зыркаць". Большасць паслухмяна адцягнулася ад вакна. Адзін хлопец смела сказаў: "Чаму я вінны адыходзіць? Я п'ю тут піва і нікога не чапаю" ГБшнік: "Слыш, у ця білет есць?" Хлопец: "Навошта мне білет? Вакзал для ўсіх". ГБшнік, троху падумаўшы: "Э, слыш... Ты чо на мяне ўставіўся?!" (маральна здаўся) Блін, гэта сапраўды нейкая гістэрыя. Яны баяліся, што хлопаць пачнуць людзі зверху?)

... А ля ўваходу амонаўцы працягвалі ачышчаць пляцоўку. Адганялі людзей відавочна прыехаўшых/ ад'яджаўшых, з клункамі, яны былі ў шоку. Асабліва спадабалася парачка рускіх, мужчынка з ярка выражаным акцэнтам тлумачыў па тэлефоне, дзе яны знаходзяцца, а жанчынка ў куртцы "Раша" азіралася па баках. На заўвагу амонаўца нават не знайшлі што сказаць: "Че? А че это отойті? Ээээ... Странно, ну пойдем".

Хочацца завяршыць на нейкай аптымістычнай ноце, але што прыдумаць? Што людзі прачнуліся? Наўрад. Большасць так і пабойваецца, зрэдку толькі заглядае ў інцярнэты. Па сваім сацыяльным асяродку я ўсё яшчэ не бачу гатоўнасці выйсці, спыніць працу альбо здзейсніць які-кольвек акт пратэсту.
Previous post Next post
Up