May 20, 2009 17:57
Бываюць іншыя дні,
Калі ўнутры
Вялікай вільготнай рыбінай б’ецца
Сэрца.
Цягне тванню з-пад кожных дзвярэй
І з-пад кожных павекаў,
Цвіллю зацягвае зрэнкі і вокны суседзяў зверху.
Тонкія стрэлкі аеру
Пускаюць свае карані
Ў ванным пакоі.
Калі хочацца кавы з ванільным цукрам,
А табе прапануюць «кофе»,
І дождж за вакном усё ліецца.
І рыбіна ў табе
Выбівае
Хвастом
Скерца
І губляе срэбныя лускі.
Яны кладуцца
Адна на адну, на дно, на жаль
Не стае ліхаманкі срэбнай,
Каб хоць камусьці была карысць.
Застаецца адно перажыць
Гэтую рыбіну
У сабе:
Загаладзіць яе, задушыць яе, засушыць,
Выпусціць у мора - там ёй і мейсца,
Стужкай перавязаць і падараваць урэшце,
Пазбыцца
Нават успаміну аб ёй, вільготнай і слізкай,
Зарасціць гэты шнар
І засадзіць кіпарысамі.
Усё!
Сёння
Час на іншае.
Ужо наліліся квеценню зарасці бэзу,
Распачаліся цудоўныя дні,
Духмяныя поўдні, росныя ранкі,
У Менску пачаўся Парыж,
Раптоўна здарыўся.
Напоўніў алеі ў парках,
Скразныя аркі ў ар-дэко,
Ваду у Свіслачы
Ператварыў у віно,
Заблытаўся
У вузкіх францускіх вокнах
І ў вуснах, якія шэпчуць,
Што адчуваюць
Сонца ў сабе,
У табе,
У сэрцы.