Год 2003

Dec 05, 2011 07:06

Флэшмоб ад makoto_bel, сэнс наступны: атрымала год, адпісаўшыя ў каментах і цяпер узгадваю свае прыгоды на той час. Пра гэты моб ведаюць мо' ўжо ўсе, так што пазначаю сэнс хіба што для парадку)

Год 2003, я спачатку ў дзевятым, а потым у дзесятым класе. Год адметны тым, што ў ім я паступіла ў мастацкую школу. Паступіла - не зусім дарэчнае слова, бо я не здавала ўступных іспытаў, як належала, а проста прыйшла, паказала свае работы яшчэ з дзіцячай ізастудыі і напрасілася каб узялі. Звычайна туды дзеткі йдуць класе ў шостым-восьмым, бо доўжыцца художка чатыры гады і разам са сканчэннем школы яе навучэнцы тасама сканчаюць. Ахвочыя могуць у вольным парадку наведваць яе і па сканчэнні. Мяне ж узялі пазней, але пасля першага класа перавялі адразу ў трэці. У художцы было добра :) Там я пісала акварэлькай па таршоне (адмысловая шурпатая акварэльная папера), "абшчалася" з мастакамі "шырока вядомымі ў вузкіх колах" і вучылася размаўляць па-беларуску.

Дарэчы, "Нашу Ніву", якая на той час яшчэ без усялякіх складанасцяў прадавалася ў шапіках, я набывала тады ж. Не рэгулярна, хутчэй пад настрой :) Заўважыла ў мяне мама неяк гэтую газету і пачала выхоўваць. Не, не з-за яе зместу, а за набыццё нечага не зусім жыццёва неабходнага што трошкі так засмечвае прастору кватэры. Гэта было, праўда, напачатку, бо пасля, калі я ўжо паступіла ва ўнівер у Менску, а НН яшчэ прадавалася ў шапіках маці ведала, чым мяне ўзрадваць і што ў шапіку набыць. Тарашкевіца, помню, напачатку перашкаджала, і я пра сябе тады абуралася кшталту "што ім замінае пісаць па-людзку", а падручнік па бел. літаратуры (яе яшчэ выкладаюць хоць?) быў як бальзам на вочы. Калі НН пачула год праз пяць мае былыя літанні і перайшла на наркамаўку, мне гэта было ўжо фіялетава, бо НН я не чытала на той момант чытаючы беларускі тэкст я ўжо нават не заўважала, якім правапісам ён напісаны, калі толькі наўмысна не прыглядалася.

Яшчэ ў мяне тады быў касетны аўдыёплэер з радыё, які бацькі набылі нам з сястрычкай для слухання нямецкіх касет (мы з ёй вучыліся ў профільнай нямецкай школе), але я выкарыстоўвала яго не па прызначэнні. Яшчэ раней за той час, пра які йдзе гаворка я любіла пакруціць савецкі УКВ-прымач і што-небудь там цікавага пашукаць, і "ўражаскае Радыё Свабода" (на доўгіх, між іншым, хвалях, якія прымач таксама лавіў) было дужа ў тэму. На плэеры слухаць радыё было нашмат зручней, чым я й займалася. Памятаю добра тую эстэтычную асалоду, што давала мова дыктараў, такая непадобная да настаўніцкай ды тэлевізійнай, такая мяккая ды пявучая. Як цяпер разумею, такой нязвыклай ды дзівоснай яна здавалася часта з-за заходняга акцэнту, а мяккасці надавалі ціхія памехі, без якіх радыё на доўгіх і сярэдніх хвалях я ніколі не чула. Памятаю, як яны запрашалі да ўдзелу ў конкурсе эсэ "Мая свабода" і як праз некалькі ўжо год мы нязмушана балакалі аб ім з пераможцам (пальцам паказаць магу, але ў тым выпадку, калі ён раптам прачытае ўсё гэта і не будзе супраць).

Яшчэ я карміла свой плэер касетамі. Трошкі металу (Арыя), электронікі (Жан-Мішэль Жар ды Іван Купала) і, безумоўна, беларускага року. Хванацела ад колішняй пераможцы Эўравізіі Русланы, але паслухала нядаўна і мне падалося, што гэта... не надта цікавая музыка, хоць і месцамі якасная. Напэўна, гэта адзіны выпадак, калі я раней любіла пэўную музыку, а пасля зусім перастала яе ўспрымаць. Звычайна тое, што мне падабалася раней тое падабаецца і потым, мяняюцца хіба толькі прыярытэты - раней слухала нешта часта, цяпер радзей. Пра беларускі рок гаворка асобная. Касеты з ім я набывала ў шапіку па дарозе ў художку раз недзе на месяц, яны былі даволі танныя. У тым жа шапіку набывала "Музыкальную газету", якую чытала часцей і мо' нават з большай ахвотай, чым НН. Адтуль, а таксама з інтэрнэта, які на той час у мяне ўжо быў, я і даведвалася пра выканаўцаў і альбомы, якія лічыла вартымі сваёй увагі. Цёплыя ўспаміны пра той час ды настрой выклікаюць ранні NRM, Мроя, Кася Камоцкая, Народны альбом. Памятаю, набуду тую касету або пачытаю ў сеціве пра які музычны "андэграўндна-апазіцыйны" праект і адчуванне такое, нібы дакранулася да нейкай таямніцы, калі не сказаць містэрыі. Цяпер гэта трохі смешна, але ж тады так яно і было! Касет у мяне на час сканчэння школы набралося на вялікую белвестаўскую каробку ад ботаў. Ляжыць у мяне й касета, што належыць makoto_bel, вярнуць бы...

А яшчэ ад художкі я паехала ў Нямеччыну ў вандроўку па абмену. Класная была паездка, шмат пра яе добрых успамінаў ды яркіх уражанняў, хоць і доўжылася яна ўсяго тыдзень. Гэта было ўжо, праўда, у наступным, 2004 годзе.

І вось яшчэ што: калі хто хоча таксама зладзіць сабе рэтрасеанс - кажыце, дам нагоду.

успаміны, флэшмоб

Previous post Next post
Up