№ 23. Даўно хачу прачытаць, але яшчэ не дайшлі рукі

Dec 24, 2014 15:12

Не ведаю, што можна казаць пра кнігі, якія яшчэ не чытала. Таму спісам з мінімальнымі каментарамі.

Юрась Бушлякоў. Жывая мова. Чытала фрагментарна, знаходзіла адказы на свае пытанні, а таксама пацверджанне таму, што вычувалася інтуітыўна, або было ўжо вядома. Ад Святланы Іванаўны, напрыклад. Чамусьці не сказала і ўжо, відаць, не скажу асабіста, але я ёй вельмі ўдзячная. А Бушлякова кнігу пачынала, ды неяк адклала за іншымі справамі. Але адчуваю маральны абавязак дачытаць, тым больш яна сто разоў вартая.

Артур Клінаў. Шалом. Чытала фрагмент у "Партызане". Не зразумела, ці абавязкова мне мець гэтую кнігу ў сябе. Але там быў такі момант сугучнасці, таму хочацца хаця б дачытаць.

Этгар Керэт. Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам. Вельмі хачу, не ведаю, дзе знайсці.

Чалавек, які скраў сцяну плачу. Ляжыць і чакае свайго часу.

Міленка Ергавіч. Іншала, Мадона, іншала. Пра яе ўсе адзінадушна гавораць добра. І нібыта нават ужо распрадалі.

Рышард Крыніцкі. Дакрануцца. Пастанавіла купіць, але нешта яна не траплялася мне ў кнігарнях. Так і забылася. Цяпер згадала.

Павел Гюле. Мэрсэдэс-Бэнц. Гэта ўсё рэклама.

Гана Андранікава. Гук сонечнага гадзінніка. Чула фрагмент у "Начной чытанцы", які мяне не зацікавіў. Не ведаю, ці справа ў тым, што мне цяжка ўспрымаць прозу на слых, ці фрагмент быў непрэзентабельны. Але зноў жа - рэклама. І цяпер хачу яшчэ да кучы:

Антанін Баяя. Зваўчэнне.

Яхім Топал, Ёзэф Топал, Філіп Топал. Анёл. У Топалаў найлепшыя шанцы, бо кніга ў мяне ёсць.

Яраслаў Рудзіш. Неба пад Берлінам.

чытацкі дзённік

Previous post Next post
Up