№ 13. Любімы пісьменнік

Dec 12, 2014 17:34

От печали до радости сунецца гэты флэшмоб. Мы, натуральна, за любоў і радасць.

У мяне склалася так, што цэтлік "любімы пісьменнік" не трымаецца ўсё жыццё на адным аўтары. Але ў гэтым сваім часе я магу даволі ўпэўнена назваць Таццяну Заміроўскую. Пры большай шматлюднасці жж, пры большай значнасці моманту паветра магло б наэлектрызавацца, бо тут я мушу, не адводзячы вачэй, расказаць: а як у мяне з рускамоўнай літаратурай? Нармальна, - адмахваюся я. Бо мая аўдыторыя не больш як дзесяць чалавек, а развагі пра рускамоўнасць з двух бакоў бываюць спекулятыўнымі. Я толькі хачу сказаць, што Заміроўская афігенная. У анатацыі да кнігі "Жизнь без  шума и боли" яе вельмі лёгка і непасрэдна ўпісваюць у кантэкст рускай літаратуры. Між тым - паўтаруся - Заміроўская афігенная, з чаго вынікае, што махаць кулакамі варта хоць крыху асцярожней.



Уласна пра кнігу: у мяне часам вывальваюцца вочы, калі чытаю водгукі на яе. Але раз так, то відаць, мае сэнс папярэдзіць, што пакуль якія-ніякія аўтары прастуюць бульдозерам, Заміроўская ціха сабе блукае звілістымі сцежкамі, на якія самастойна вы, можа, і не ўзбіліся б. Многіх гэта чамусьці раздражняе.

Ва ўжо рэкламаваных тут калонках часам высвятляецца, у якім горадзе Беларусі адкрыецца партал. Мне здаецца, што партал адкрыўся калісь у Барысаве і праходзіць цяпер непасрэдна праз аўтара - Заміроўскую, у сэнсе, не мяне. Яна транслюе нам нейкі неверагодны космас. І каб зразумець, ці будзе вам у гэтай прасторы камфортна, можна перайсці па спасылцы і, націснуўшы на адпаведнае прозвішча, спампаваць колькі апавяданняў.

чытацкі дзённік

Previous post Next post
Up