За что я ненавижу Интернет

Nov 03, 2011 22:18


Запись опубликована Из жизни доктора. Пожалуйста, оставляйте комментарии там.

За што я ненавіджу Інтэрнэт




Віктар Марціновіч

1. За тое, што ён цалкам забівае чалавечае ўяўленьне. Раней, пачуўшы ад сябра-вандроўніка пра тое, што на Шры Ланцы ёсьць вялікая скала Сігірыя, заселеная людзьмі, я б натхніўся ды б палову вечара маляваў бы перад вачыма аблеплены хаткамі ўцёс, які лунае сярод аблокаў.

Мне б здавалася, што там, на Сігірыі, усё зусім па-іншаму, казачна, летуценна. Зараз я проста набіраю «Сігірыя» ў Google і праз дзьве траціны сэкунды бачу выявы, чытаю пра тое, што вышыня скалы - 370 мэтраў, што ніякіх хат там няма, ёсьць музэй, уваход у які каштуе 30 даляраў. Сігірыя майго натхнёнага ўяўленьня была прыгожай ды няіснай. Гэтая, рэальная, сфатаграфаваная ды задакумэнтаваная на Google - такая ж самотная, як жыцьцё без казкі.
2. За тое, што ён пазбаўляе нас самоты. Няма больш высакароднай журбы, чым тое пачуцьцё кінутасьці, якое ўзьнікае ў чалавека ў чужым ды далёкім горадзе. Гэтае пачуцьцё пазбаўляе нас сну ў гатэлях - як таго Біла Мюрэя у фільме Lost in translation. Гэтая маркота выпіхвае на начны шпацыр, ажно пакуль не зьнясілееш ды не будзеш гатовы спаць стоячы. Яна вымушае нас знаёміцца з новымі людзьмі,  пабуджае нас

глядзець унутр сябе. Інтэрнэт забівае гэтую адзіноту. Першае, што мы зараз робім у новым для сябе горадзе - шукаем месцы, дзе ёсьць бясплатны ці танны wi fi. Каб напісаць любай ды каханай, ці - яшчэ лепей - пагаварыць зь ёй праз скайп. Так вандроўка пазбаўляецца галоўнага цуду - зьмены дэкарацыяў. Мы заўсёды побач. Мы ня ведаем адзіноты. Мы не самотныя.
3. За тое, што ён крадзе ў нас пах кавы. Калі п’еш каву ў кавярні з wi fi ці дома, побач з ноўтбукам, паступова перастаеш адчуваць фізычнае вымярэньне ўласнага існаваньня ды пераходзіш у астральны стан нейкай лічбавай істоты. Цела зьнікае, застаецца выключна розум, захоплены Інтэрнэтам.
4. За тое, што калі ў цябе некалькі паштовых скрынь, у якія ўвесь час валяцца лісты, калі ў цябе да гэтага ёсьць яшчэ  Facebook ды Livejournal, гэта выклікае адчуваньне, што пакуль ты сустракаеш

сяброў, наведваеш музэй, там, у Сеціве, увесь час ідзе нейкі рух, які вымагае тваёй прысутнасьці. Гэта нараджае экзыстэнцыйны неспакой, вымушае ўвесь час лезьці ў скрыні, трымаць адчыненым скайп на тэлефоне. Тое ж - ноччу, і вось, а палове чацьвёртай, ты знаходзіш сабе за клявіятурай, бо сну няма…
5. За тое, што Інтэрнэт больш хуткі, чым чалавек. З-за таго, што ў кожным акенцы майго браўзэра - нейкія тэксты, якія да таго ж маюць гіпэрспасылкі на іншыя тэксты, а там цікавыя фотачкі, а тут Ася Паплаўская нешта напісала - і вось, ахапіць усё гэтае немагчыма.

Немагчыма прачытаць усё тое, што тут табе цікава. Немагчыма нават праглядзець. І, пакуль ліхаманкава «сэрфіш» па «Ніве», у скайпе ўжо 6 new conversations, ICQ пульсуе, патрабуючы на нешта адказаць, ды прыйшлі нейкія лісты на ўсе паштовыя скрыні. Інтэрнэт - гэта плынь. Ты ці то цялёпкаеш у ёй, ці стаіш на беразе ды глядзіш на тых, хто ў ёй валтузіцца. Прыплыць тут нікуды немагчыма. Уся мудрасьць сусьвету недзе побач. Аднак, каб атрымаць яе, трэба адказаць на 10 тысяч мэйлаў за дзьве гадзіны.
6. За тое, што Інтэрнэт - антыінтэлектуальны. За тое, што адзіная форма выказваньня ў Інтэрнэце - тая, што абраная для гэтага допісу: безапэляцыйная, катэгарычная. Калі ты маеш сумневы (а чалавек разумны заўсёды мае сумнеў), не пішы лепей тут нічога. Калі маеш што сказаць - гавары нахабна, бо тваю далікатнасьць не зразумеюць

ды не прачытаюць. Самае эфэктнае выказваньне ў Сеціве - кароткае ды абразьлівае. «КГ\АМ», «фтопку». У найлепшым выпадку, - «+1», like, ці «пішы яшчэ». А чаму «пішы»? Чаму «КГ\АМ»? Чаму like? Тлумачыць няма калі, глядзі пункт 5. З-за гэтага будучыня Інтэрнэту - пераўтварэньне ў прастору, заселеную тролямі, шызоіднымі хамамі.
7. За тое, што Інтэрнэт гэта наркотык. Ён ня толькі туманіць розум, пераўтварае чалавека ў прыдатак да клявіятуры, аднак яшчэ і вызывае залежнасьць. Ад кампа з адчыненымі старонкамі, на якіх - навіны, лісты і г. д. - немагчыма адыйсьці. Бо ўсё гэта як быццам бы непасрэдна кранае цябе, усё гэта як быццам бы вельмі важна. І самае галоўнае: можна кінуць паліць ды піць. Аднак Інтэрнэт кінуць вам не

дадуць, бо ўся сучасная цывілізацыя завязаная на тое, што ўсе людзі штодзённа «доўбяцца» гэтай агідай. Жадаеце абвесьціць байкот Сеціву? Адразу ж застанецеся не толькі без прыстойнай працы, але і без надзеі калі-небудзь адшукаць новае працоўнае места. Бо з працадаўцамі мы кантактуем таксама праз Сеціва. Гэта безвыходнасьць, запраграмаваная сацыяльна.
8. За тое, што ён прапануе новы канал камунікацыі, які вельмі набліжаны да рэальнага, фізычнага кантакту (videophone скайп), аднак пры гэтым - не такі. Паспрабуйце 15 хвілін пакамунікаваць праз ICQ з нявестай ці каханай, зь якой знаёмыя 5 год. Вельмі хутка паўстане адчуваньне, што піша вам - трохі іншая асоба. Бо клявіятура ды дыгітальнасьць маюць уласную лёгіку - як тут не памянуць Маклюэна, з ягоным medium is the message. Аднак пры гэтым мы цалкам давяраем скайпу ці ICQ,

знаёмячыся з новымі людзьмі. Мы можам гадзінамі балбатаць з новай сяброўкай праз тэкставы чат скайпа і ў абодвух бакоў будзе адчуваньне, што нібыта яны «збліжаюцца», «пазнаюць адзін аднаго». Кіньце! Адзінае, што вы пазнаеце, балбочучы ў чаце - чат як такі. Ну, можа, Інтэрнэт як такі, новыя мэдыі як такія. Калі вы ў рэшце сустрэнецеся, пабачыце, што перад вамі - зусім іншая асоба. Не тая, якую вы ўявілі, калі цягам ночы слухалі ці чыталі яе расповяды пра першае каханьне.
9. За тое, што ўсякі тэкст, які вы зьмесьціце ў Інтэрнэце, будзе

прачытаны ня так, як вы чакалі. За тое, што Інтэрнэт дзейнічае згодна з законамі натоўпу. І калі нехта побач зароў «Дыянаў - правакатар» - гэта абавязкова будзе падхоплена тысячамі карыстальнікаў. І сродкаў барацьбы з гэтым няма. Глядзі пункт 6.
10. За тое, што пазбаўляючы нас адзіноты вандроўкі, адзіноты чалавека ў чужым горадзе, Інтэрнэт спараджае адзіноту новага тыпу. Гэта адзінота сярод какафоніі. Адзінота чаканьня аднаго важнага для цябе ліста ў гурбах лістоў няважных. Шызафрэнічная адзінота чаканьня

зьяўленьня ў скайпе пэрсоны, якую так чакаць можна выключна тут - у прасторы, дзе ёсьць мільён мажлівасьцяў нікога ніколі не чакаць. Гэта паступовае зьнікненьне цябе як такога - сярод тысяч паведамленьняў аб тым, што нібыта важна для цябе. Здаецца, Інтэрнэт варта было б абвесьціць восьмым сьмяротным грахом.

"Паранойя", чтиво

Previous post Next post
Up