Oct 14, 2012 12:26
Такое ўражанне, што "Замак Отранта" - універсальная мыльная опера. Думаю, серыял БіБіСі паводле яго меў бы нечуваныя зборы. Бо як тут, перакладаючы, не праслязіцца:
- Ён памірае! - закрычаў адзін са слуг. - Ёсць у каго распяцце? Памаліся за яго, Андрэ.
- Прынясіце вады, - сказаў Тэадор, - і дайце яму папіць, пакуль я прывяду панну.
Юнак кінуўся да Ізабэлы і ў некалькіх словах сціпла расказаў ёй пра сваю трагічную памылку і пра раненага прыдворнага яе бацькі, які хоча перад смерцю паведаміць ёй нешта надзвычай важнае.
Ізабэлу, якая моцна ўзрушылася, калі Тэадор паклікаў яе высці з пячоры, навіна гэтая здзівіла. Дазволіўшы хлопцу, новы доказ бясстрашнасці якога дапамог ёй сабрацца з сіламі, вывесці сябе на свет, Ізабэла падышла да скрываўленага воя, які бязгучна ляжаў на зямлі. Але калі лэдзі ўбачыла слуг Манфрэда, усе яе жахі вярнуліся. Яна зноў бы збегла ў схованку, калі б Тэадор на звярнуў яе ўвагу на тое, што чаляднікі без зброі, і не прыгразіў бы ім імгненнай смерцю, калі раптам яны насмеляцца схапіць панну.
Незнаёмец, адкрыўшы вочы і ўбачыўшы жанчыну, спытаў:
- Прашу цябе, адкажы мне шчыра: ты Ізабэла да Вічэнца?
- Так, - прамовіла яна, - хай даруе літасцівы Госпад вам вылячэнне.
- Тады ты… - прамовіў рыцар, з цяжкасцю вымаўляючы кожнае слова. - Тады ты бачыш перад сабой роднага бацьку. Пацалуй жа…
- О Божа! О цуд! О, гора! Што я чую?! Што я бачу! - закрычала Ізабэла. - Мой бацька! Вы - мой бацька! Як вы апынуліся тут, сэр? Богам малю, кажыце! Ох, бяжыце па дапамогу, бо ён можа загінуць!
- Так яно і ёсць, дзіця маё, - сказаў паранены рыцар, збіраючы апошнія сілы, - я - твой бацька, Фрэдэрык. І я прыехаў сюды, каб вызваліць цябе. Але лёс рассудзіў іначай… Пацалуй мяне на развітанне і вазьмі…
- Не мучце сябе, сэр, - прамовіў Тэадор, - і дазвольце нам перанесці вас у замак.
- У замак? - усклікнула Ізабэла. - Няўжо мы не знойдзем дапамогі бліжэй, чым у замку? Вы што, хочаце аддаць майго бацьку ва ўладу тырана? Калі яго адправяць туды, я не наважуся яго суправаджаць… але хіба магу я яго пакінуць?
- Дзіця маё, - прамовіў Фрэдэрык, - цяпер ужо няма розніцы, куды мяне аднясуць. Праз некалькі хвілін ніякая небяспека не будзе мне больш пагражаць. Але пакуль мае вочы яшчэ могуць радавацца, не пакідай мяне, дарагая Ізабэла! Гэты мужны рыцар - я не ведаю, хто ён такі, - абароніць тваю нявіннасць. Вы ж не пакінеце маё дзіця, сэр?
Праліваючы слёзы над сваёй ахвярай, Тэадор пакляўся ахоўваць панну цаной уласнага жыцця і ўгаварыў Фрэдэрыка дазволіць перанесці сябе ў замак. Рыцара перавязалі як маглі і паклалі на каня, якога прывёў з сабой адзін з чаляднікаў. Тэадор ішоў збоку, а змучаная горам Ізабэла, якая расстацца з бацькам не магла, скрушна крочыла ззаду.
dum spiro – traduco