Чытаю тут кнігу "Трэці пол" А.І.Белкіна, рускага псіхіятра, які апроч іншага займаўся вывучэннем гермафрадытызму. І з'ява гэтая, пра якую я нідзе раней нічога не чытала, як на мяне, можа разбурыць многія звязаныя з полам стэрэатыпы. Бо існуюць не толькі тыя, каго прыцягваюць прадстаўнікі таго ж полу (гомасэксуалізм), не толькі тыя, у каго фізічны пол не адпавядае ідэнтычнасці (транссэксуалізм), але і тыя, у чыім целе і свядомасці прысутнічаюць прыкметы абодвух полаў (інтэрсэксуалізм).
Аўтар апісвае доўгі працэс фармавання полу, які мае шэраг стадыяў, і на любой з іх можа адбыцца збой, а таму праяваў і відаў "трэцяга полу" існуе шмат. На сённяшні дзень, кажа аўтар, пол звычайна вызначаецца генетэчным аналізам (чыста вонкавага, акушэрскага агляду нованароджанага часта бывае недастаткова), і пры нейкіх збоях пол карэткуецца хірургічна і гарманальна. У ідэале гэта мусіць быць зроблена да 3-х гадоў, і тады чалавек вырасце здаровай і гарманічнай асобай, хіба што ў яго характары будуць праяўляцца нейкія рысы, характэрныя процілегламу полу, аднак нічога страшнага ў гэтым няма. Усе людзі на пэўных стадыях эмбрыянальнага развіцця маюць прыкметы абодвух полаў, а таму патэнцыйна нашыя арганізмы нясуць у сабе пячатку двухполасці. Аўтар кнігі шмат гадоў працаваў з людзьмі, якім аперацыю з нейкіх прычынаў у дзяцінстве не зрабілі - і час быў іншы, і спецыялістаў, якія маглі дыягнаставаць "трэці пол", было мала. Часта такім людзям у амаль дарослым узросце даводзілася цалкам мяняць ідэнтычнасць (карэкцыя полу ў асобаў са збоямі магчымая толькі да 25 гадоў, пазней наступствы памылкі робяцца незваротнымі), і іх новапабудаваная ідэнтычнасць яшчэ доўгі час была вельмі крохкай, шмат у чым па віне грамадства, якое не прымала такіх людзей, зрэшты, як і іншых "не такіх". Аўтар піша, што людзей з нейкімі збоямі ў фармаванні полу не так ужо і мала (прыкладна 3%) і з часам іх робіцца ўсё больш. І асобную ўвагу ён звяртае на так званы "сацыяльны пол", гаворачы пра тое, што, хаця мужчыны і жанчыны ніколі не будуць аднолькавымі, многія адрозненні паміж дзвюма поламі штучныя, выпрацаваныя грамадствам, і пераадолець іх не змагло нават стагоддзе эменсіпацыі.