Толькі што скончыла перакладаць апавяданне Эдгара По "Размова з муміяй" - апошні пераклад для зборніка Эдгара По (спадзяюся, гэтым разам яно так і ёсць) і першы - для афрыканскага нумару "ПрайдзіСвета". Усё ж вясёлыя апавядашкі гэтага дзядзькі нашмат цікавейшыя за жудзікі (некаторыя з якіх, напрыклад, апавяданне "Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам", - гэта нават не жудзікі, а ваніцікі). Было б здорава выдаць кнігу яго гратэскаў, асабліва калі ўлічыць, што толькі асобныя з іх былі перакладзеныя для цяперашняй кнігі. Бо класікай усё ж лічацца жудзікі і дэтэктывы.
А вось адзін з маіх любімых пасажыкаў з апавядання "Размова з муміяй". Ну як пасля гэтага чытаць якую-небудзь "Берэніку" ці які-небудзь "Мальстрэм"?
"Вячэра, безумоўна, вельмі лёгкая. Я вялікі аматар грэнак па-валійску . Але нават іх звычайна не варта з’ядаць адным захадам больш за фунт. Тым не менш, якія-небудзь сур’ёзныя пярэчанні нават супраць двух фунтаў адсутнічаюць. Двух ці трох - вялікай розніцы тут няма. Я, здаецца, спыніўся на чатырох. Мая жонка сцвярджае, што на пяці, але яна, несумненна, пераблытала дзве вельмі розныя рэчы. Саму па сабе лічбу пяць я не адмаўляю, але з ўсёй дакладнасцю магу давесці, што яна адносілася да бутэлек чорнага портара: без такой прыправы грэнак па-валійску трэба пазбягаць любым спосабам".
(арыгінал, напрыклад,
тут)
Герой апавядання плануе апынуцца ў 2045 годзе. Гэта не першы твор, герой якога мусіць "намалявацца", ну, скажам, у наш час. Так, герой апавядання Макса Бірбама
"Энох Сомс", адпраўляецца з канца 19 стагоддзя ў будучыню, 3 чэрвеня 1997 году, у чытальную залу Брытанскага музея. Безумоўна, у гэты дзень у музеі яго чакаюць аматары творчасці Бірбама. Эдгар По ў гэтым плане дапусціў стратэгічную памылку, не пазначыўшы, у які дзень і дзе менавіта мае быць разбальзамаваны герой яго апавядання. Гэтым самым ён пазбавіў аматараў свае творчасці вялізнай прыемнасці дачакацца і годна сустрэць падарожніка па часе.