Ура, таварышчы! Некалькі дзён таму мне ў лапы трапіў сігнал прайдзісвецкага зборніка дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!”, і ён атрымаўся, як і варта было чакаць, прыўкрасным. Улічваючы ўсе прыгоды, што здарыліся з гэтым зборнікам падчас падрыхтоўкі, я баюся прагназаваць, калі з’явіцца ўвесь наклад, але ёсць надзея, што час гэты няўмольна набліжаецца.
Кніга будзе ў двух варыянтах, з мяккай і цвёрдай вокладкай, прычым бібліяграфічнай рэдкасцю рызыкуе зрабіцца менавіта мяккая версія: яна складзе ўсяго пятую частку сціплага накладу. Сярод аўтараў зборніка - Чэстэртан, Гофман, По (новыя тэксты, якія не друкаваліся ў выбраным), Чапэк, Такарчук, Брэт Гарт, Капітанява, Клугер і інш. У кнігу ўвайшлі і протадэтэктывы, і класіка жанру, і сучасныя мадыфікацыі, і пародыі, і парады па напісанні - карацей, усё, што адбывалася з дэтэктывам на працягу больш чым стогадовага развіцця. Асноўная канцэпцыя кнігі, як і адпаведнага нумару ПС, з якім кніга не зусім і супадае (у ёй ёсць тэксты, якіх у нумары няма, і наадварот), - гэта прадстаўленне дэтэктыву як твора мастацтва, які з кітчам і масавай літаратурай не мае нічога агульнага.
Ура перакладчыкам (па чарговасці іх з'яўлення ў змесце)
ilnur, Паўлу Донаву, Аляксею Жбанаву, мне,
kastani, Юлі Цімафеевай, Надзеі Кахновіч,
valodzi4ak, Ганне Пазюк,
danilchyk,
smatrycenka і Яніне Голуб! Аўтарскія будуць раздавацца, як толькі наклад выпаўзе з друку. А пакуль ён яшчэ паўзе - вось вам анатацыя:
Так, у нас тут, безумоўна, забіваюць. Ну, і крадуць усё, што кепска ляжыць альбо старанна ахоўваецца: дыяменты, лісты, партсігары, галёшы і грошы. А яшчэ ў нас смяюцца - бо, як гэта ні парадаксальна, нават забойства можа зрабіцца крыніцай добрага настрою. Прынамсі для чытача.