ПАХ ЧАБАРОВЫ
Словы: Кастусь Кірыенка.
Музыка: Уладзімір Буднік.
Выкананьне: Ганна Радзько.
Я ня ведаю сама,
Што са мной здарылася:
Я дадому йшла адна
I з дарогі зьбілася.
Мне-б ісьці каля ракі,
Я ж пайшла дубровай,
Галаву маю кружыў
Пах чабаровы.
Што скажу матулі я,
Як часінай позьняю
Я зьяўлюся перад ёй,
Ласкавай і грознаю?
Што скажу, схаваю як
Водар той дубровы?
Я ж у хату прынясу
Пах чабаровы…
Як ішла і ўсё ішла,
Аж пакуль стамілася.
I ня ведаю сама,
Як зь Ігнасем стрэлася.
А Ігнась жа - ён са мной
Ды такі суровы…
Не кружы ты галавы,
Пах чабаровы!
Што скажу матулі я,
Як часінай позьняю
Я зьяўлюся перад ёй,
Ласкавай і грознаю?
Што скажу, схаваю як
Водар той дубровы?
Я ж у хату прынясу
Пах чабаровы…
Неба зьзяла над зямлёй
Яркай вечарніцаю.
Мы сядзелі доўга зь ім,
Зь любым, над крыніцаю.
Толькі ціхія дубы
Чулі нашы змовы…
Ой вясна мая, вясна,
Пах чабаровы!
Што скажу матулі я,
Як часінай позьняю
Я зьяўлюся перад ёй,
Ласкавай і грознаю?
Што скажу, схаваю як
Водар той дубровы?
Я ж у хату прынясу
Пах чабаровы…
Пах чабаровы…
Пах чабаровы…
Арыгінальны (пачатковы) тэкст верша:
http://moykahany.ru/pakh-chabarovy