Хатняя адукацыя

Apr 17, 2009 22:22

Мая 82- гадовая цётка прыгадала, як здавала іспыт па геаграфіі  ў педінстытуце ў 40-выя гады. Сям'я тады жыла на Ўрале ў высылцы. Выкладчыца кажа, - маўляў, раз Вы з Беларусі, дык і распавядзіце пра яе. Цётка ледзь не разгубілася, бо нічога не чытала па такой тэме, і выехаць з радзімы давялося ў маленстве, таму нічога амаль не памятала. Тады вырашыла распавесці тое, што ведала ад сваёй маці.
 Мая бабуля,  займаючыся з дзецьмі рознай працай, напрыклад, капаючы бульбу, распавядала пра Беларусь, якую яны ўбачаць, калі вернуцца. Якія людзі там жывуць, як размаўляюць, якія дрэвы растуць(" сосны, дубы, бярозы, ліпы,клёны,грабы..."), якое неба высокае ("а тут, на Ўрале, нізкае"), якія рэкі, гарады ( цётка прыгадала з расповедаў Мазыр, Гомель, Жлобін, Шацілкі :) , Менск назвала, бо знайшла на мапе ).
 У выніку была атымана выдатная адзнака.  Якія, канечне, тады былі патрабаванні да ведаў ), але ў чарговы раз пераконваюся ў мудрасці бабулі,  светлая ёй памяць. А яшчэ прыгадаўся фільм " Доўгая дарога ў дзюнах" , калі Марта распавядае сыну аб радзіме, дзе  сосны і  мора...

асабістае, успаміны

Previous post Next post
Up