Крыху з запазданнем хачу расказаць пра другі, ліпеньскі, нумар часопіса ALOVAK. Рускамоўная версія пабачыла свет 25 ліпеня, недзе праз тыдзень з’явілася і беларускамоўная.
Хацела пачаць з пераліку падзяк тым, хто меў дачыненне да другога нумара, але зразумела, што гэта амаль немагчыма: столькі таленавітых і цудоўных людзей нам дапамагала! Таму кажу агульнае ДЗЯКУЙ усім-усім: нашым рэдактарам, аўтарам, фатографам, майстрам, героям, мастакам, падпісчыкам у сацыяльных сетках….!!!
Нумар атрымаўся на нашу думку па-сапраўднаму летнім і сакавітым, у мяне, канешне, ёсць свае “любімчыкі” сярод артыкулаў, але ўсё ж такі з задавальненнем гартаю цалкам ўвесь нумар. Спадзяюся, чытачам ён таксама прыйшоўся даспадобы.
Арыентаваным на “беларускасць” сябрам раю звярнуць увагу на фотаздымку ў Прылуках з цытатай Караткевіча, артыкул Насты Глушко пра традыцыі і паданні беларусаў, звязаныя з камянямі, інтэрв’ю і майстар-клас па выцінанцы цудоўнай Вольгі Бабурынай, матэрыял пра музей валуноў. Але ж і іншыя артыкулы вартыя ўвагі творчых беларусаў.
Буду ўдзячная вам за каментарыі, водгукі і прапановы. Да сустрэчы, ALOVAK!