Культурныя людзі

Feb 07, 2015 17:25

Субота  - цудоўны дзень. Нават я, ня гледзячы на тое, што на працу хадзіць не трэба (мая праца і мой галоўны працадаўца  - дома), заўсёды адчуваю выходныя. Магу дазволіць сабе пазней паспаць (аж да 8 гадзін раніцы), крыху раслабіцца (ну як, замест працы на ноўтбуку займаюся гаспадаркай). Карацей, адпачываю. Але ж субота для мяне яшчэ асаблівая тым, што ў гэты дзень я дастаю з паштовай скрыні маю любімую газету “Культура”. Пасля абеду, калі Франак засынае, я заварваю гарбату і хаця б 30 хвілін адвожу сабе на чытанне. Усю цалкам газету не чытаю, расцягваю асалоду на будучы тыдзень.



З “Культурай” звязаны адзін смешны выпадак. Аднойчы газету я не атрымала - ні ў суботу, ні ў нядзелю, ні ў панядзелак… Пайшла на пошту, пытаюся: “А што, у “Культуры” змяніўся дзень выхаду?”.  Ды не, не змяніўся, была ў суботу, як заўсёды. Жанчына з аддзела дастаўкі непакоіцца: “Вы з 620 кватэры?”. Адмоўна ківаю галавой. Аказваецца, маю “Культуру” занеслі ў іншы дом, ў кватэру, дзе раней выпісвалі газету, але з новага году перасталі. Мне становіцца цікава, колькі ж падпісчыкаў мае “Культура” ў нашым паштовым аддяленні. “Вы - адзіная!”. Вырашаем, як жа быць з маёй газетай: “Мы б купілі вам - але ж яна не прадаецца!”. Сапраўды, газету можна купіць толькі ў вызначыных шапіках “Белсаюздруку”, такіх па Мінску каля 10. Праблему маю ўсё ж вырашылі, паштальён мой нумар забрала ў мінулых падпісчыкаў з 620 кватэры і прынесла мне. Вось расказала і не ведаю зараз, ці смешны гэты выпадак насамрэч?..



Пра “Культуру” яшчэ магу ўзгадаць адну падзею, як я хадзіла на развіртуалізацыю з  газетай у музей Янкі Купалы, было гэта напрыканцы 2014-га.  Аказваецца, 95 % падпісчыкаў “Культуры” знаходзяцца па-за МКАД. А што, я заўсёды ведала, што трэба пераязджаць на вёску - вось дзе сапраўды культурныя людзі жывуць!  Паслухаўшы гасцей сустрэчы, журналістаў ды калумністаў, я нават асмялела і папрасіла любімую газету ўсе ж не забывацца на  Мінск і нашу моладзь: калі гара не ідзе да Магамета, дык хай Магамет зробіць першы крок насустрач :)



(фотаздымак Аляксандры Баярынай, https://www.facebook.com/vsemoe)

Далей, здымкі з суполкі газеты ў ФБ (https://www.facebook.com/kimpressby):



(у цэнтры сядзіць галоўны рэдактар газеты Сяргей Трафілаў)




(Злева - вядучы ня менш любімага майго радыё  з такой жа назвай, "Культура", Уладзімір Трапянок, гэта адзін з галасоў мінскага метро акрамя іншага).

Ды і я ў баку сядзець не буду і прарэкламую  (заахвочана выключна сваім энтузіазмам) сярод маіх сяброў ды чытачоў такое цікавае перыядычные выданне. Вось глядзіце, аб чым ідзе гаворка ў сённяшнім нумары:







Дадамо яшчэ, што ў кожным нумары ёсць анонсы выставаў, спектакляў ды цікавых імпрэз (хацелася б болей!). Падпісвайцеся, сябры!

І пагутарце са мной яшчэ вось аб чым: ці чытаеце вы ўвогуле папяровыя выданні?  Як лічыце, ці могуць быць папулярнымі папяровыя часопіс ці газета, ці будучае выключна за электроннымі выданнямі?

Беларусь, альтанка

Previous post Next post
Up