1. Першае і самае галоўнае. Мае ўспаміны і разважанні - дробязь у параўнанні з тымі ж ўспамінамі выпускнікоў архітэктурнага факультэта БНТУ. Студэнты-архітэктары праводзілі там летнікі - гэта было ў тыя часы, калі замест нанова адрамантаванага шыкоўнага палаца ў Нясвіжы існаваў былы санаторый ў даволі жаласным (але не самым горшым па меркам Беларусі) стане. Лета, студэнцкія гады, былы палац, у вежах якога можна было нават начаваць…. Зразумела, што архітэктарам ёсць, што ўспомніць, так? :) Але ўсё ж варта адзначыць, што гэтыя ўспаміны сталі часткай і майго жыцця пасля таго, як я стала жонкай архітэктара.
2. Першы раз я трапіла ў Нясвіж ў школьныя гады, нават не памятаю, які раз быў першы - разам з сястрой і яе сям’ёй, ці падчас школьнай экскурсіі. Але я добра памятаю, як ў вокнах палаца, як у той Італіі, вісела бялізна - значыць тады яшчэ дзейнічаў санаторый. А яшчэ я памятаю, як пільна мы ўзіраліся ў маленькія вокны ў падмурках касцёла, каб лепей разгледзець фамільную крыпту-пахавальню Радзівілаў, трэцюю па колькасці дынастычных пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні.
3.Першыя мае культурныя наведванні Нясвіжа не маюць нічога агульнага з тым, калі мы паехалі туды ў 2009 годзе адзначаць дзень народзінаў Вадзіма. У той год санаторыя ў палацы ўжо не было, але і рэканструкцыя толькі пачыналася. Мы паехалі на два дні, і думаю, -- не, нават упэўнена, што гэта было адно з самых вясёлых і запамінальных святаў у маім жыцці.
4. Калі мы першы раз пасля рэканструкцыі прыехалі да Нясвіжскага палаца, не маглі стрымаць сваё расчараванне - і справа нават не ў тым, што нешта аднавілі не згодна з гістарычнымі дадзенымі ці ўспамінамі Эльжбэты Радзівіл. У палацы не засталося былой рамантыкі, якая бывае толькі ў тых старых будынках, дзе гуляе вецер па падстрэшках, дзе уначы побач зіхацяць адзінкавыя ліхтары, дзе самымі бліскучымі элементамі інтэр’еру з’яўляюцца шыбы ў вокнах (калі яны ёсць)… Але ж бяспрэчна і тое, што рэканструкцыі помнікаў архітэктуры павінны быць, ня гледзячы на тое, аб чым мараць нейкія надта рамантычныя асобы.
5. Нясвіж - горад шматілікіх гістарычных звестак, легендаў і мітаў. Я ведала гэта і раней, але ўпэўнілася яшчэ раз, калі прачытала набытыя ў краме пры палацы две невялічкія і дужа танныя кніжкі - пра Барбару Радзівіл і пра тры каханні Ўладзіслава Сыракомлі. Ці ёсць такія беларусы, якія б не ведалі легенду пра чорную панну Нясвіжа? Шфарц фрау ведалі нават немцы, якія размяшчалі ў палацы свой штаб падчас ІІ Сусветнай вайны.
6."...За снежнем раптам прыйшоў лістапад
У зваротнай дарозе.
…..Я хутка ўбачу замак дзядоў,
Убачу касцёлы...
Рушыць цягнік на Нясвіж,
Ідзе дадому…", -- адна з маіх улюбленых песень гурта Ўліс - “Цягнік на Нясвіж”, але, нажаль, чыгункі ў Нясвіжы няма.
7. Гэтым разам, калі мы былі ў Нясвіжы, раптам прыйшла думка - можа пераехаць жыць ў горад, дзе ў комплексе былога кляштара бенедыктынак размяшчаецца каледж, а самы смачны крамны кекс, што я ела ў жыцці, каштуе менш за 4 тыс. рублёў? А я яшчэ нават не ўзгадала пра цудоўны парк, у якім можна кожны дзень гуляць разам з дзіцем. Парк абавязковы для наведвання! У любое надвор’е - галоўнае, адпаведна апрануцца.
8. Дарэчы, з гадавалым дзіцёнкам цалкам нармалёва можна наведваць музеі. Канешне, ўсё залежыць ад самаго дзіцяці, і трэба мець з сабой нейкія «палочкі-выручалочкі» на ўсе выпадкі жыцця (бутэлечка з вадой ці сокам, печыва, цацку, слінг ці «кенгуру» і г.д.). З больш малым і, наадварот, старэйшым, напэўна, лягчэй - а вось у год дзіця бывае цяжка утрымаць на руках ці патлумачыць, чаму нельга заходзіць за абмежавальнік каб патрапіць у спальню княгіні Радзівіл. Але калі ёсць вялікае жаданне музей наведаць - знойдзецца і спосаб.
9. Калі вы жадаеце убачыць сярод багатага убрання палацу ці экспанатаў музея сапраўдныя гістарычныя артэфакты - пытайцеся ў шматлікіх супрацоўніц, калі не валодаеце спецыяльнымі ведамі ў гэтай сферы. Адзін час нам здавалася, што ў адноўленных залах не засталося нічога ад старога будынка. Але мы памыляліся.
10. Апошняе, інфармацыйнае. Першы панядзелак кожнага месяца можна бясплатна наведаць Нясвіжскі палац і Ратушу, а зэканомленныя 110 000 бел.руб.на аднаго дарослага можна патраціць на дарогу. Гэтай магчымасцю мы і скарысталіся ў кастрычніку. Майце на ўвазе толькі, што білет ўсё роўна прыдзецца ўзяць у касе, бо сістэма праходу ў палац зараз аўтаматычная. Проста на білеце будзе пазначана, што ён бясплатны.
На гэтым я заканчваю. Нешта мне падказвае, што ўсе мае сябры-беларусы былі ў Нясвіжы. Але ці любіце вы яго так, як я? :) Можа ў вас ёсць цікавыя гісторыі, звязаныя з гэтым горадам, палацам?