Верасень. Каліна і грыбы.

Oct 16, 2014 19:22

Мая фрэнд-стужка ўся залацістая ад кастрычніцкага лістпаду, а я пакуль не паспяваю своечасова занатоўваць маё жыцце-быццё, таму калі вы жадаеце вярнуцца ў мінулае і ўспомніць з чаго пачыналася восень, то запрашаю вас пад кат, дзе я  буду спрабаваць замаляваць з дапамогай фотаздымкаў і словаў мой першы месяц восені ў гэтым годзе.








А які верасень без лесу, грыбоў і збору ураджаю? Толькі ў мінулым годзе ўсе гэтыя восеньскія радасці прайшлі міма мяне, бо было зусім не да гэтага ў першы месяц пасля нараджэння сына. Але ж сёлетняя восень  шчодрая на падарункі, і, мяркую, не адна я ў гэтым упэўнілася. Цікава, ці ёсць такія, хто не любіць збіраць грыбы? Ягады - так, мала каму хочацца некалькі гадзін поўзаць па моху. А не спяшаючыся гуляць паміж дрэў, дыхаць лясным паветрам, і між іншым напаўняць свой кош баравікамі, масляткамі, падасінавікамі, бабкамі - нават мой муж ніколі не адмаўляецца пайсці са мною ў лес, хоць сам грыбы ні ў якім выглядзе есці не будзе.




Не магла утрымацца, каб не зрэзаць гэты дзіўны грыб, а воь апазнаць - не апазнала. Што гэта? Махавік?



У лесе прыгожа усё, асабліва восенню - рознакаляровая папараць, з'імшэлыя паваленыя дрэвы,  сонечныя плямы на прагалінах сярод сосен. Нават самы што ні на ёсць неядомы грыб, мухамор, выглядае проста шыкоўна сярод шэрага апалага лісця - гэткі князь у чырвоным каптане і белых ботах. Нешта ў гэтым ёсць: чырвонае на шэрым, вельмі стылёвае спалучэнне колераў, як і белае з чырвоным. Затое на зялёным імху я не сустрэла ніводнага мухамора: можа супадзенне, а можа прырода так прадугледзела… Прырода таксама паклапацілася аб тым, каб неядомыя грыбы былі бачныя здалёк, а каб добры грыб знайсці - трэба пастарацца. Так і ў жыцці, прынамсі ў маім: часцей за ўсе самае вартае не прыходзіць адразу, трэба працаваць шмат і  прыкладаць высілкі, каб дабіцца жадаемага.  Але добра, што бываюць выключэнні, - як у жыцці, так і ў лесе. Кошык маслятаў я назбірала за паўгадзіны, прысеўшы на кукішкі, я рэзала іх, як агуркі га градзе. Божа, якое задавальненне я адчула!










А яшчэ лес для мяне, дакладней, прагулка ў ім, - адзін з лепшых адпачынкаў. Можа там нейкая дзіўная энэргетыка, але ў лесе думкі ў галаве заўсёды прасвятляюцца, упарадкоўваюцца. Тут, у горадзе, сярод дзённых спраў і турбот мне бывае цяжка знайсці хвілінку, каб проста сесці і абдумаць нешта, калі ёсць такая патрэба. А ноччу, калі кладуся спаць, амаль адразу засынаю.  Апошнім часам я ўжо нават не слухаю ніколі плэер у навушніках, калі іду некуда па справах адна, без Франачка. У такі час я размаўляю сама з сабою ў думках, спрабую адказаць на пытанні, якія сама сабе і задаю :)







Дарэчы, пра час. Я спрабую зараз заўсёды, калі толькі можна, зрабіць нешта самым простым чынам, не ставіць складаных задач там, дзе гэтага можна пазбегнуць. Аднойчы мне вельмі захацелася спячы торт. І нават не пірог, не шарлотку (столькі яблыкаў у гэтым годзе!), а менавіта торт з крэмам і каржамі. І вось у краме, у аддзеле з мукой і крупамі, мой позірк спыніўся на папяровым пакеціку з гатовай сумессю для выпякання торта «Космас». Я даволі скептычна адношуся да паўфабрыкатаў, але ў складзе гэтай сумесі я нічога крымінальнага не знайшла, таму вырашыла паспрабаваць. Акрамя каржоў для торта трэба было яшчэ зрабіць смятанны крэм, але смятаны ў мяне не было, затое была каліна, якую я напярэдадні прывезла з дачы. Так у мяне і нарадзілася думка зрабіць торт з заварным калінавым крэмам. І ведаеце што, атрымалася вельмі смачна. А галоўнае, хутка.
А вось з бульбай, фаршыраванай грыбамі, атрымалася ўжо складаней. Магла ж бульбу адварыць, а грыбы пасмажыць - атрымалася б і хутка, і проста. Але зноў жа, з кожнага правіла павінны быць выключэнні! Тым больш, я проста не магла ўтрымацца, калі знайшла адпаведны рэцэпт ў «Літоўскай кухарцы» (пра гэтую кнігу напішу асобны пост, так яна мяне натхняе!).







Усе гэтыя прыгажунчыкі зараз ляжаць у слоіках, чакаюць свайго зорнага часу падчас святочнай каляднай вячэры:







Вось так, адначасова проста і складана, хутка і доўга, цёпла і зімна прайшоў верасень і 16 дзён кастрычніка. На перадзе  - другая палова восені,  калі прырода памірае і развітваецца з сваёй прыгажосцю… значыць, трэба шукаць прычыны радавацца жыццю ў іншых рэчах, што і пайду рабіць, ня гледзячы на тое, што ўжо трэці дзень мы ўтраіх, усёй сям'ёй, хварэем…. Хуткага нам выздараўлення, а вам, сябры, жадаю ўвогуле  не хварэць!




замалёўкі

Previous post Next post
Up