Літаратурнае, рознае

Apr 27, 2014 12:21

Калі я ўчора выпраўлялася на шпацыр па Партызанскаму прашпекту з Францішкам, я нават не падазравала, што прыйду дадому з такім набыткам! Калісьці даўно я шукала падобную  кнігу, але беспаспяхова, і вось, у звычайным шапіку Белсаюздруку, вітрыны якога я разглядала чакаючы тралейбус, я пабачла яе:



"Беларускае народнае ганчарства" прафесара Я.М. Сахуты - цудоўная кніга для тых, хто цікавіцца беларускай керамікай. Гэта амаль перавыданне кнігі гэтага ж аўтара 1987 года, але ж ёсць і дастаткова новых звестак, і што асабліва цікава - значна болей фотаздымкаў.

Ну і калі ўжо я пачала гаворку  пра кніжныя набыткі, на ўсялякі выпадак нагадаю, калі не ўсе ведаюць, што ў мінулым годзе пабачыла свет перавыданне знакамітай кнігі М. Кацара "Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка":



З анатацыі: "У кнізе сабраны ўнікальны матэрыал пра народнае мастацкае ткацтва і вышыўку. Праз даваенныя запісы, замалёўкі і фотаздымкі вобразна і рознабакова раскрываецца паэтычная душа беларускага народа, яго бачанне прыроды і яе ўзаемасувязі з чалавекам і яго жыццем. Выданне багата ілюстравана (каля 600 чорна-белых і каляровых фотаздымкаў і малюнкаў)".
Гэта адна з тых кніг, што кажуць "маст хэв", асабліва  для тых, хто хоча ведаць больш пра беларускія ўзоры, навучыцца  чытаць арнамент. Яшчэ б альбом Раманюка перавыдалі - было б цудоўна!
Мяркую, яе яшчэ можна набыць у кнігарнях, а калі не знойдзеце  - вось спасылка на кнігу на сайце выдавецтва, там ёсць кнопка "пакласці ў карзіну", але ж, нажаль, інфармацыі аб кошце і ўмовах дастаўкі я не знайшла.

Працягваючы літаратурную тэму, хачу падзяліцца сваім вопытам знаёмства з кнігамі зараз, калі на чытанне папяровых кніг ў мяне не хапае вольнага часу. Не, я не маю на ўвазе электронныя кнігі, я пачала атрымліваць сапраўдную асалоду ад праслухоўвання аўдыёкніг! Асабліва калі чытаюць такія кнігі добрыя акторы. І таму я не магу не расказаць пра цудоўнае, не, нават пра захапляльнае чытанне твораў Уладзіміра Караткевіча Андрэя Каляды, беларускага перакладчыка і прафесара!  Я праслухала ўжо ўсё, што толькі здолела знайсці ў сеціве - і "Ладдзю роспачы", і "Чорны замак Альшанскі", і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", і "Сівую легенду", і "Чазенію "....і г.д. Такая асалода, проста не перадаць словамі! Зараз можна сказаць у самым прамым сэнсе, што маё дзіця ўсмактала беларускую літаратурную клясыку з малаком маці :)

А яшчэ звяртаюся да вас, шаноўныя сябры, за дапамогай! З дзяцінства я ведаю вясёлы вершык пра касалапага мішку, расказвала яго свайму пляменніку, а зараз і сыночку, але вершык гэты на рускай мове. Перакласці на беларускую - не праблема, але так, каб захаваўся рытм - не зусім атрымоўваецца. Вершык  вось такі:

"Мишка косолапый
По лесу идёт,
Шишки собирает,
Песенки поёт.
Вдруг, упала шишка.
Прямо мишке в лоб...
Мишка Рассердился
И ногою - топ!"

Можа хто-небудзь, больш здольны да літаратуры, дапаможа мне? Буду вельмі ўдзячная!

альтанка

Previous post Next post
Up