Хто баіцца ўвядзення рэлігійнай адукацыі?

Jun 09, 2010 11:41

Размовы пра тое, што добра было б увесці ў школах рэлігійнае навучанне, ідуць каторы ўжо год. А справа - ані з месца. Дык ці пачнуць калі-небудзь выкладаць асновы рэлігіі ў беларускіх школах?

У красавіку Праваслаўная Царква накіравала ў парламент і адміністрацыю прэзідэнта прапанову ўнесці папраўкі ў закон аб адукацыі. Віцэ-старшыня цэнтра імя святых Кірылы і Мяфодзія Рыгор Даўгяла выказаўся нядаўна, што "Выкладанне рэлігіі - не даніна традыцыі, а цвёрды прагматызм".

Сп. Даўгяла тлумачыць, што без выкладання рэлігіі нельга абысціся, бо схільнасць да рэлігіі ёсць у кожнага чалавека. Спасылаецца таксама на еўрапейскі досвед; абмалёўвае канкрэтныя варыянты, якім чынам можна было б увесці рэлігійную адукацыю ў Беларусі.

Размовы пра рэлігійнае навучанне ў Беларусі могуць цягнуцца хоць і бясконца. Але рэальныя зрухі могуць адбыцца пры адной умове: калі ў гэтым будзе зацікаўленая аўтарытарная ўлада. А якая тут пазіцыя ўлады?

Лукашэнку неяк спыталі, што ён думае пра рэлігійнае навучанне. Ён заявіў штосьці кшталту "хрысціяне могуць раскачаць краіну горш, чым апазіцыя" (люты 2008, сустрэча са студэнтамі журфаку БДУ). Ды й  Анатоль Рубінаў пісаў у "Савецкай Беларусі", што "рэлігія стварае пагрозу для дзяржаўнай ідэалогіі".

Народам добра і зручна кіраваць пры дапамозе "бізуна і перніка". А калі шмат людзей займеюць перакананне, што "не хлебам адным жыве чалавек" (Мц., 4:4), то іх грамадскія паводзіны могуць не ўпісвацца ў рамкі, якія існавалі дагэтуль. А гэта ўжо пахне пагрозай для "стабільнасці". Тым болей, што ў страху вочы вялікія.

адукацыя, рэжым, Царква і дзяржава

Previous post Next post
Up