May 20, 2011 22:35
Учора паглядзела “Превращение” па аповеду Кафкі. Не магу сказаць, што адчула пры праглядзе спектакля тое ж самае, што і ад кнігі, але шматлікія рэчы зачапілі. У маім выпадку ён хутчэй з тых спектаклей, якія дзейнічаюць больш на інтэлект, чым на эмоцыі.
Шмат розных сэнсавых пластоў і прывабліваючых сваімі асацыяцымі дэталяў. Сама пастаноўка амаль без слоў, што падштурхнула да цікавых рэжысёрскіх знаходак. Накшталт вады, як сімвал таго дна, на якое апусціўся Грэгар, як сімвал той безвыходнасці і бездапаможнасці, у якія ён патрапіў. А гук падаючых кропель, як намёк на тое, што дах уласнага дома пачаў працякаць, разбурацца на вачах гледача, у пераносным сэнсе зразумела. (Хаця, магчыма, ў рэжысёра была іншая трактоўка, а я гляджу ў лабавое шкло). Гукавое суправаджэнне наогул месцамі змагло апісаць тое, на што ў аповедзе выдаткоўваецца досыць вялікая частка слоў. Да прыкладу, супастаўленне сям’і з птушкамі, якія кормяцца за кошт галоўнага героя. Насуперак такой лаканічнасці канцоўка з трамваем, якая ў Кафкі займае некалькі абзацаў, расцягнута ў цэлую гісторыю з перапрананнем і паездкай, а трамвай увогуле зроблены скразным вобразам. Мне нават падалося, што гэта быў ужо занадта доўгі акцэнт на распачынанні новага жыцця і ўменні выкрэсліваць са сваёй памяці боль, доўгі на фоне астатняга маштабу дзеяння.
Лялькі заварожвалі. У кожнай свой характар, сваі своеасаблівыя стасункі з галоўным героем, перададзеныя ў тыповых для іх рухах. І розны Грэгар, з рознай ступеню атаесамлення сябе з чалавечай існасцю. Апроч таго рэжысёр вынайшаў цікавы спосаб забіваць Грэгара дэзінсекцыяй, аб’яднаўшы ў балончыках як фізічны, так і маральны ціск.
Смерць стала лагічным, супакойваючым выхадам. З вялізнай падрыхтоўкай да яго і імгненным вырашэннем. У спектаклі, як і сам Кафка, нібы гуляюцца з вобразам смерці, спрабуючы вынайсці ў ёй пазбаўленне і нават прыгажосць. Грэгар, як сын на грудзях у маці, ціхмяна засынае, назаўжды.
Выйшлі акцёры на прыканцы з кветкамі бэзу ў руках. Я стэрэатыпна падумала пра вясну і народжаны новы характар Грэты (у спектаклі дарэчы амаль не акцэнтуецца гэта), і новы лад жыцця сям’і без кармільшчыка, а пасля мучыцеля. Але вярнуўшыя дадому, нагадалі ў ЖЧ, што людзям карысна ставіць бэз дзеля ўзмацнення здольнасці прымаць рашэнні, ажыццяўляць іх, як антыдэпрысант нарэшце. І падумала, што смерць Грэгара - для усіх, у тым ліку і для самога яго ва ўсёй тупіковасці і адзіноце, з недасканаласцю людзей праз няўменне прымаць, скарацца, прабачаць і дапамагаць - яна і была той самай галінкай бэзу.