Праглядаю пратаколы паседжанняў Буда-Кашалёўскага Райвыканкаму за 1931-32 гг. з надзеяй на тое, што сустрэну хаця б які радок пра майго прадзеда.
Час працы са справамі сёння сканчаецца, а я ніяк не магу паехаць і даглядзець. Прыйдзецца ізноў (ўжо 3ці раз запар) замаўляць, каб усё прагледзець. Але ў тых 90%, што я ўжо прагледзела, прадзед не нагадваецца. На сённяшні момант інфармацыі пра яго - некалькі радкоў. І ўсё, а нават і 100 год не прайшло, не такі ён ўжо і далёкі продак - дзед майго бацькі.
Калі працавала з гэтымі пратколамі (слухалі-пастанавілі), шмат цікавага заўважала. Вось, напрыклад, адзін з пунктаў пратакола - а за ім столькі ўсяго. І тое, як ён напісаны - канцэлярская мова, але ж ўсё па-беларуску (напісанне яшчэ дарэформавае - і мяккія знакі паўсюль пасля мяккіх зычных, і плЯн і г.д.). І тое, пра што - жыццё старшыні сельсавета і жыццё яго забойцы, як і абставіны забойства, і тое, што стала з забойцам, а таксама з сем’ямі забойцы і забітага можна сабе маляўніча ўявіць. Здаецца да нашай сям’і дачынення ня мае, але вельмі добра паказвае той час.
(НАРБ /Ф.6 Воп.1 Спр.2876/С. 52 ) “Пратакол №2 за 2/II-32г.
…
(С.53) 21. Аб вызначэньні персанальнай пенсіі сямье забітага кулаком старшыні Б.Кашалёўскага с/с (сельсавету) т.(таварыша) Новікава М.Я.
21. Улічыўшы, што быўшы старшыня Б.Кашалёўскага с/с Новікаў М.Я. у час ізьяцьця кулацкага хлеба 22/І г.г. (гэтага году) быў зьверскі забіт кулаком Сапліцкім Ефімам, Новікаў М.Я. выходзіць з батрацкай сям’і, з 4х год лішыўся бацькоў і застаўся круглым сіратой. Да моманта фізічнай магчымасьці г.Новікаў правёў(?) у розных гаспадароў, пасьля чаго пачаў батрачыць у кулакоў. У 1918г. прымкнуў к партызанскім атрадам (партызанскае пасьведчаньне №105/АК-1031) дзе актыўна удзельнічаў у бойках супраць белагвардзейцаў. Базы(?) грамадзянскай бойні(?) т.Новікаў актыўна прымаў удзел у бойках на дзенікійскім фронце. З Чырвонай Арміі т.Новікаў зьвярнуўся у 1922г. Зарах жа па прыходу з Чырвонай арміі т.Новікаў прыступае к актыўна-грамадскай савецкай працы на вёсцы.
С.53аб. У 1924г. абіраецца ў склад с/с, дзе актыўна прымае ўдзел, як сябр с/с.
У 1923г. абіраецца старшыней Ліпініцкага с/с, дзе і працуе у апошнім(?) да лістапада месяца 1931г. Тав.Новікаў, як абрыў(?)шы сабе на усіх перыядах сацыялястычнага будаўніцтва на вёсцы, працуючы старшынёй с/с у 1931г. перакінут на узмацненьне старшынёй Б.Кашалёўскага с/с . За кароткі час працы старшынёй Б.Кашалёўскага с/с т.Новікаў зьяўляўся прыкладам у працы для ўсіх б/с(?), па выкананьню плянаў, палітычна-гаспадарчых кампаній і ў гэтым годзе першы выканаў плян хлеба(?)ткам на 100% і даў сустрэчнае выкананьне. Тав.Новікаў сябр партыі КП(б)Б, за прыкладную працу быў шмат разоў прэміраваны прэзідыумам РВК (раённага выканаўчага камітэту) і інш. арганізацыямі. Тав.Новікаў аддана змагаўся за выкананьне плянаў хлебанарыхтовак і 22/І г.г. убіт кулаком Сапліцкім Ефімам. Тав.Новікаву ад роду 34 гады. Пасьля яго сьмерці засталась сямья: хворая жонка з 2мя непаўнагоднімі дзецьмі ад 2 да 5 год. Тав.Новікаў і яго сямья ніякай гаспадаркі ня малі, а таксама не мае і сродак для жыцьця.
А пагэтаму прээзідыум РВК(райвыканкаму) хадайнічае перад прэзідыумам ЦК БССР аб вызначэньні сямье т.Новікава персанальнай пенсіі. “