GYVATA ‡ PRAGNAVIT

Nov 29, 2010 17:48

Originally posted by kryviec at GYVATA ‡ PRAGNAVIT


Crivia Records прадстаўляе свой чарговы рэліз: супольную работу маладога літоўскага гурта GYVATA і магілёўцаў PRAGNAVIT, прысвечаную слаўнай гадавіне - 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Беларусы і літоўцы, як і стагоддзі таму, святкуюць разам сваю вялікую перамогу! Рэліз складаецца з дзвюх частак: першая - гэта дэбютны альбом GYVATA Broliai Karelin Jojo (Ехалі браты на вайну); другая - новая работа PRAGNAVIT Ad Gloriam

Гурт з Клайпеды GYVATA пакуль мала вядомы за межамі Літвы, але пасля выйсця Broliai Karelin Jojo сітуацыя, без сумневаў, зменіцца - бо перад намі адна з самых шматабяцальных камандаў літоўскай фолк-сцэны. Маладыя музыкі здолелі паказаць карэнную музыку Балтыі з зусім новага і незвычайнага боку, надаўшы старажытным мелодыям сучаснае гучанне і не парушыўшы пры гэтым тысячагадовай гармоніі. Варта прыгадаць таксама важны факт: адным з удзельнікаў калектыву ёсць Данатас Белкаўскас, больш вядомы сваім праектам DONIS. Усяго ў GYVATA дванаццаць музыкаў! На Broliai Karelin Jojo прадстаўлена пяць кампазіцый літоўцаў.

Магілёўскі праект PRAGNAVIT прадстаўлення не патрабуе. Гэта адзін з найстарэйшых dark-ambient гуртоў Усходняй Еўропы, чые альбомы вядомыя далёка за межамі Беларусі. Удзельнікі праекту, Войст і Кастусь Канцавы, не змаглі застацца ўбаку ад святкавання вялікай перамогі ВКЛ і прадставілі на суд слухачоў новую грань сваёй творчасці - ваяўнічую, сімфанічную і агрэсіўную. Ad Gloriam змяшчае пяць кампазіцый канцэптуальнага альбому, прысвечанага Грунвальдскай бітве, а таксама шосты бонус-трэк, прысвечаны героям, што змагаліся за свабоду Беларусі ад сталінскага рэжыму.



Previous post Next post
Up