Школа ў Крулеўшчыне

Aug 11, 2016 23:44



Тэкст: Кастусь Шыталь

Калі ў 1935 годзе памёр дзяржаўны дзяяч Юзаф Пілсудскі, які аднавіў незалежнасць Польшчы, дзяржаўная адміністрацыя пастанавіла збудаваць на ўшанаванне ягонай памяці 100 новых школаў у Віленскім ваяводстве.

Па вёсках будавалі пераважна 2-х і 3-х класныя драўляныя школы, паводле тыповага праекта. Некаторыя з іх захаваліся, як у вёсцы Барсукі пры дарозе Глыбокае - Докшыцы. У мястэчку Крулеўшчына Дзісненскага павета, дзе ў 1938 годзе пражывалі 892 чалавекі, быў узведзены 2-павярховы будынак 5-класнай школы.

12 кастрычніка 1937 года адбылося ўрачыстае адкрыццё 100 новых школаў. Сярод натоўпа вучняў, зафіксаванага на фотаздымку, недзе ёсць Алесь Качан з суседняй вёскі Верацеі.

Пад канец ІІ Сусветнай вайны Алесь Качан паступіў у афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны, апынуўся на Захадзе. Узяў новае імя - Кастусь Акула. Жывучы ў Канадзе, апісаў Крулеўшчыну і крулеўскую школу ў рамане "Гараватка".

Заняткі ў гэтай школе адбываліся шэсць навучальных гадоў, пры трох розных уладах. 17 жніўня 1943 года школу, часова занятую нямецкімі вайскоўцамі, атакаваў атрад Уладзіміра Гіля-Радзівонава, які напярэдадні перайшоў на бок савецкіх партызанаў. Будынак моцна пацярпеў у баі і больш не аднаўляўся.

Фота з архіва сям'і Гірульскіх. Атрымана дзякуючы спрыянню Крыстыны Кучыньскай.

страчаная спадчына, Крулеўшчына, школа / szkoła, стары фотаздымак, Заходняя Беларусь

Previous post Next post
Up