Нерэалізаваны праект гарнізону Войска Польскага ў Маладзечна. 1923 год.

Feb 19, 2013 12:45

Арыгінал Нерэалізаваны праект гарнізону Войска Польскага ў Маладзечна. 1923 год. аўтар yozas_gubka
У польскім часопісе "Архітэкт" ("Architekt") за барадаты 1923 год натыкнуўся на дзіўныя малюнкі невядомых мне пабудоў, якія, згодна з подпісамі пад імі, павінны былі змяшчацца ў Маладзечна.


Надпіс: Агульныя пяхотныя казармы ў Маладзечна


Надпіс: Галоўная брама ў двары пяхотных казармаў у Маладзечна.


Надпіс: Казармы артылерыйскага дывізіёну ў Маладзечна.

Аказалася, што гэта праекты польскага архітэктара С.Хупэрта (S.Hupert), ілюстрацыі з якімі рэдакцыя "Архітэкта" палюбоўна пазычыла ў часопіса "Вайсковы Сапёр і Інжынер" ("Saper i Inżynier Wojskowy"), як прыклад вайсковых будынкаў, цытую, "з адметным і прыемным для вачэй выглядам".



Апроч гэтых малюнкаў у нумары было і некалькі чарцяжоў:



Надпіс: Галоўная брама пяхотных казармаў у Маладзечна. С.Хупэрт.



Надпіс: Казармы артылерыйскага дывізіёну ў Маладзечна. С.Хупэрт.


Надпіс: Стайня пяхотных казармаў у Маладзечна. С.Хупэрт.


Вазоўня пяхотнага палка ў Маладзечна. С.Хупэрт.

Хутчэй за ўсё, ніводны з гэтых праектаў не быў рэалізаваны. Прынамсі пра казармы і браму я ўпэнены на 100 адсоткаў, бо пабудовы такога маштабу грунтоўна памянялі б выгляд гораду. А вось стайня і вазоўня Хупэрта маглі быць пабудаваны на тэрыторыі гарнізона ў Гелянова, але да нашага часу не дайшло ніводнай цэлай канюшні 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, што размяшчаўся ў Гелянова.
Цікавы сам факт таго, што польскія ўлады разглядалі магчымасць узвядзення вайсковага гарнізону на тэрыторыі горада Маладзечна, прычым не толькі для пяхотнага палка, як у фальварку Гелянова (які у 1923 годзе яшчэ не быў часткай Маладзечна), але і для артылерыстаў.
Да таго ж мяне зацікаваіла брама: магчыма, гэты праект Хупэрта мог быць адным з шэрагу праектаў трыумфальнай брамы/аркі ў Гелянова.

UPD. На мапе Маладзечна 1934 году пазначана месца дзе ў горадзе знаходзіліся казармы (kosz.), гэта вуліца Замкавая недалёка ад сучаснай плошчы Свабоды (Старое месца). Вядома, што тут з 1920-х месціўся штаб 86-га ПП, а каля яго з часам былі ўзведзены яшчэ і казармы:


Толькі гэта былі не пафасна-імперскія казармы па праектам Хупэрта, бо калі глядзець на гэтае месца на нямецкіх аэрафотаздымках 1941 году, то можна пабачыць толькі звычайныя прастакутнікі пабудоў і нічога падобнага на складаныя формы праектаў архітэктара:

праект, чарцёж, Маладзечна, брама / brama, Заходняя Беларусь, малюнак, аэрафотаздымак, wojsko polskie, казармы / koszary, мапа

Next post
Up