І: Ваярскі лёс
Ужо прайшло два тыдні, як нясметная процьма ворагаў пачала гвалтаваць Белую Русь: чужынцы аблажылі кожны буйны горад, а ў вёсках яны атруцілі жыццё адной сваёй прысутнасцю.
Ваяры айчыны стойка абаранялі родную зямлю, не думаючы аб адпачынке, кожны з іх змагаўся за свой кут, каб не давялося чуць, як стогнуць маці з жонкай. Але ў некаторых гарадах абаронцы змаглі адкінуць ворага ад крэпасных сценаў, там ваяры Белай Русі рыхтаваліся да вялікіх баёў. Там стаяў звон мячоў, у кузнях бразгала новая зброя, свісцелі новыя ўзоры стрэлаў і суліцаў.
Раніцай з гэтах гарадоў выйшлі палкі натхнёных вайскоўцаў: іржалі коні, сурмы зычна абвяшчалі хуткі пачатак бітвы, барабаны громападобна падтрымлівалі ваяроў. Нават вершнік, які быў намаляваны на многіх шчытах, занесшы над галавой свой меч і ўзняўшы свайго каня на дыбкі, быццам ірваўся ў бой разам з абаронцамі роднай зямлі. Праведны гнеў напоўніў сэрцы ваяроў. Ворагі таксама рыхтаваліся да бітвы: крывыя шаблі рассякалі паветра ды невядомая русінам мова рассыпалася ў малітвах, адрасаваных чужынскаму богу.
Другі раз затрубілі сурмы і шэрагі ваяроў Белай Русі дружна вырушылі супраць варожай зграі. Бразгат клінкоў напоўніў абшар, груганнё зляцелася на шум бітвы - пачалася крывавая сеча...
Доўга абаронцы Белай Русі біліся з чужынцамі, і нарэшце перамаглі: вораг імкнуўся як мага хутчэй уцячы ад русінскіх мячоў і дзідаў. Пасля бітвы людзі панеслі усіх памерлых сяброў у родныя гарады, дзе сваякі рыхтавалі праводзіны герояў у апошні шлях. Ладдзі вялізарных памераў узвышаліся на гарадскіх плошчах, яны чакалі сваіх адзіных стырнавых, каб па палымянай рацэ ўнесці тых у іншы свет - такім заўсёды быў ваярскі лёс.
ІІ: Другі Дняпро
Малады Брачыслаў, трымаючы меч, стаяў на дошках ладдзі, якая несла яго, забітага пад Магілёвам і там жа пахаванага, па водах Дняпра. Апроч Брачыслава на ладдзі не было нікога, і ён плыў у поўнай цішыні. Па берагах гэтага Дняпра не было ніякага жыцця, тут не спявалі птушкі, толькі шумелі яліны, гэта быў другі Дняпро - рака для памерлых, якім было накрэслена патрапіць у Вырай, уваход у які быў далёка - аж на востраве Беразані.
Доўгі час толькі ладдзя Брачыслава плыла па ціхай вадзе, але потым суседнія рэкі прынеслі некалькі іншых лодак. На зусім невялікіх лодках плылі людзі, якія патанулі ў дрыгвах, загінулі ад рук разбойнікаў ці ад іклаў і кіпцюраў дзікіх звераў. На большых - тыя, хто памёр ад хваробы, ці проста старыя людзі, якія даўно чакалі сваю смерць. На самых вялікіх - такія жа ваяры, як Брачыслаў. У некаторых ладдзях людзі плылі па двох ды па трох, амаль усе вялі гутаркі, апроч самога Брачыслава і хлопца, які граў на дудзе вельмі маркотную мелодыю. Ваяр паслухаў некаторыя размовы - нічога цікавага не было: хто, адкуль, як загінуў. Землякоў-магілёўцаў не было.
На месцы сутокі Дняпра з Бярэзінай да працэсіі памерлых далучілась яшчэ некалькі лодак. Паслухаўшы яшчэ трошкі гутарак, Брачыслаў страціў усякую цікавасць да таго, што адбывалася побач з яго ладдзёй. Але праз некаторы час рух па водах Дняпра спыніўся і ваяр ізноў пачуў іншыя галасы.
- Што здарылася? - спытывалі адны.
- Чагосці чакаем, - адказвалі іншыя.
Пытанні пра тое, чаму ладдзі спыніліся, дасягнулі першых лодак, якія стаялі на рацэ, і хтосці адтуль гучна сказаў:
- Ждём, пока прибудут ладьи с реки Сож, тогда двинемся дальше, - па гаворке прамоўцы Брачыслаў зразумеў, што перад імі плывуць людзі з вярхоўяў Дняпра.
Калі ладдзі з Сожа дабраліся да сутокі з Дняпром, усе паплылі далей. Праз паўгадзіны Брачыслаў параўняўся з невялікай лодкай, у якой быў адзін сівавалосы дзядок, у якого было багата сшыткаў. Ваяр зірнуў на суседа і вырашыў пачаць размову.
- Брачыслаў, - прадставіўся ён, - а цябе як клічуць, стары?
- Кліч мяне проста Дзедам, я ўжо й не памятаю свайго сапраўднага імя...
- Ну, Дзедам так Дзедам, - сказаў ваяр, - а адкуль ты?
- З Гомельшчыны, я быў лекарам, выратаваў шмат людзей, сам дажыў да сівага валосся, але смерць так і ня змог ашукаць...
- Так і ня трэба, смерць - нешта дадзенае нам багамі, што мы ніколі ня зможем спасцігнуць. Калі мы памерлі, няма шляху назад, у старое жыццё.
- Але некаторыя вярталіся...
- Я такіх ня ведаю.
Пасля гэтай размовы быў прыпынак на Прыпяці, дзе да працэсіі далучылісь яшчэ дзве лодкі, а Брачыслаў сказаў:
- Дзед, перабірайся на маю ладдзю, яны вялікая, месца хопіць.
- Нельга, - адказаў стары, - кожны павінен плыць на сваёй лодцы.
- Чаму так?
- Я памёр ад старасці, а не загінуў у баі, як ты. Што пра мяне падумаюць у Выраі, калі я прыбуду на ваярскай ладдзі?
- Чаму ты так упэўнены, што мы плывем да Вырая?
- Я выведаў некаторыя таямніцы жыцця і смерці. Бачыш мае сшыткі?
- Так, а што ў іх?
- Я напісаў шмат чаго ў гэтых сшытках, але пакінуў нашчадкам толькі некаторыя, астатнія пакінуць ім было нельга, гэта боскі закон. Таму я іх і ўзяў з сабою.
- Бачу, ты ня проста лекар, ты знахар, вядзьмар!
- Можна і так сказаць...
Размову ваяра з Дзедам спынілі галасы:
- Брати-козаченьки, розіб'ємо цих степовиків!
Брачыслаў убачыў некалькі вершнікаў на беразе, якіх акружылі ворагі-стэпавікі, кожны з каторых таксама быў на кані. Ваяр вырашыў дапамагчы і ўжо хацеў пакінуць ладдзю, але Дзед яму сказаў:
- Ня трэба. Яны ўжо памерлыя, але будуць біцца з ворагам, пакуль іх целы ня знойдуць і не пахаваюць. А ты потым ніколі ня зможаш вярнуцца на сваю ладдзю.
- Усё ты, Дзед, ведаеш... Хто ж ты такі насамрэч?
Стары нічога не адказаў, толькі ўсміхнуўся. Ладдзі прадаўжалі плыць...
ІІІ: Цудны востраў
Лодкі ды чаўны прысталі да вострава, і Брачыслаў ступіў на цёплы пясчаны бераг. Дзеда нідзе не было, але ваяр бачыў ягоную лодку на беразе. З мора дзьмуў прыемны ветрык, ваяр агледзеўся і ўбачыў дзіўны ябланевы сад, дзе паміж дрэў хадзілі прыручаныя жывёлы. Вакол саду цяклі празрыстыя ручаі, а адзіная сцежка вяла ў прыгожы каменны горад. Брачыслаў прайшоўся па сцежцы і ля гарадскіх сценаў пачуў чароўныя гукі гусляў, яны напаўнялі паветра нейкім узвышаным пачуццем.
У горадзе ваяр сустрэў сваіх памерлых суседзяў і продкаў, у тым ліку свайго дзеда па маці. Той паказаў Брачыславу дом, дзе жыў увесь род, пасля чаго ваяр вырашыў пазнаёміцца з вырайскім горадам. Горад складаўся з некалькіх канцоў, у кожным жылі людзі аднаго роду дзейнасці: ваярскі канец, рамесніцкі, мастацкі, жрэцкі ды іншыя. У ваярскім канцы Брачыслаў сустрэў вялікіх князёў старажытнасці - яны заўсёды былі прыкладам для магілёўскіх ваяроў. Па вуліцах Вырая хадзілі прыгожыя дзевы, якім было накрэслена стаць жонкамі тых памерлых, што не паспелі ажаніцца.
Мастацкі канец выходзіў на марскі бераг, дзе высаджваліся памерлыя з паўднёвых краёў, з сялянскага канца можна было на нябесных лодках паляцець да Руяна (там быў яшчэ адзін вырайскі горад), а ў цэнтры Беразані да нябёсаў цягнуўся вялізарны дуб. Брачыслаў глядзеў на ціхае мора: ён разумеў - тут пройдзе вечнасць...