Feb 15, 2017 13:29
Наша падатковая прыдбала сабе модную цацку -- тэрмінал электроннай чаргі. Падатковая месціцца ў будынку найбольш адэкватнай функцыянальнай архітэктуры -- перапрыстасаваным дзіцячым садку з бясконцымі калідорамі да кабінетаў. Тэрмінал з табло на ўваходзе, а кабінеты недзе ў нетрах. Калі твой нумар аб'яўляюць на выхад, ты павінен запомніць мэтавы кабінет і паскакаць па ўказальніках мінатаўравай хаты. Менавіта запомніць, бо на квітку пазначаецца толькі мэта наведвання, а не кабінет, дзе яе задаволяць.
У кабінеце табе даводзяць, што неабходна ў іншым кабінеце ўзяць даведку, і вярнуцца да іх без чаргі, бо ўсё роўна нікога няма. Тут мы маем яшчэ адзін крос да тэрмінала. А калі трапляем у кабінет, то сустракаем навіну: квіток толькі на кабінет, а тое, што ўнутры 5 інспектароў і патрэбны табе зараз заняты, сістэма не ўлічвае. Галоўнае тут не выказаць слабасць і не пакінуць кабінет, а дачакацца ўнутры, бо звонку ўжо ўтварыліся жывыя чэргі да асобных інспектароў.
Даведка ўзятая, і мы зноў скочам да тэрмінала, бо за ўсімі прыгодамі забыліся, дзе былі раней, а квіток без нумару і аднолькавыя дзверы без надпісаў. Нарэзаўшы яшчэ сотню метраў, трапляем у кабінет, суседні з тым, дзе былі раней. Там нарэшце падаем паперы і заўважаем, што ўсяго толькі за паўгадзіны ўправіліся ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці наведвальнікаў.
Дарэчы, з гэтага году адпраўленне плацельшчыкамі падатковых патрэбаў стала платным -- бланкі для дэкларавання не выдаюць на месцы, а прадаюць.
беларускі эканамічны цуд,
забеларусь