[10.] Дуб-Дзерава
Як расказала мая бабуля, расло гэта Дуб-Дзерава наводдаль ад клецяў купца Доўтара, і расло яно у абдымку з дзвумя ялінамі, і выглядала гэта неяк асабліва - ні то дуб, ні то елка. І казалі, што там па начах, асабліва ў цёмныя летнія ночы, бачылі нейкае дзіўнае зьзяньне, падобнае на вясёлку - ну як бы конская дуга была перакінутая. Дык вось каля тых купцовых клецяў была хацінка вартаўніка, які вартаваў купцова дабро ад злодзеяў. І быў у гэтага вартаўніка сьляпы хлопчык, які, кажуць, вываліўся малым з калыскі і асьлеп ад гэтага. Дык яго <й> вадзіла з сабой маці за руку. Аднаго разу маці ня ўгледзела сына, дык той навобмацак неяк падышоў да Дуб-дзерава, пакуль тая маці агледзелася, - а быў перад гэтым ноччу дождж. Глядзіць яна - а гэты хлопчык стаіць каля дзерава, і ўвесь змокшы ад расы, што ападала зь лісьця, весела гэтак-весела сьмяецца. Маці кінулася ўгрунь да сына, каб забраць яго ў хату, ды стала як укопаная - здагадалася яна і сэрца падказала мацярынскае, што сынок яе відушчым стаў. Зьбірае пад дубам жалуды і шышкі і быццам бы ўважліва разглядае і сьмяецца, як зь дзіва нейкага, <і гэтак сьмяецца>. Пазвала яна яго, а той павярнуўся на яе голас, паглядзеў зьдзіўлена, яшчэ паклікала - ён радасна працягнуў ёй рукі насустрач і пабег.
Здарэньне гэтае, што пачаў бачыць сьляпы хлопчык, імгненна разьнеслася па ўсёй акрузе. А бацька таго хлопчыка адразу ж зарэзаў ягня і крывёю таго ягняці паліў гэты Дуб-дзерава у знак вялікай падзякі за тое, што сына вылечыла, і вялікай пашаны <і> павагі да дрэва. Ускорасьці зьявіўся і мясцовы поп і асьвяціў дрэва сьвянцонай вадой з крыніцы ды й наказаў людзям, каб яны не прыносілі ў ахвяру жывёл<ы> ці кроў, а абракаліся Дуб-дзерав[у] толькі хатнім дабром - рушнікамі, [к]авалкамі палатна ці чым-нечым з хатняй ежы.
А ў той час пайшла вялікая пошасьць па вёсках, людзі сталі мерці як мухі. І каб выратавацца ад хваробы, пачалі яны прыводзіць хворых да Дуб-дзерава. Возьмуць хворага пад пахі, абвядуць таго тры разы вакол дрэва - і хвораму адразу палягчэе. Колькі было тады навезена дабра да Дуб-дзерава - немаведама колькі: і добра вышытыя рушнікі былі, і пасьцілкі прыгожыя. А жыў у таго купца цыган-каваль, дык той цыган і ўнадзіўся прыбіраць дабро к рукам. Пачаў ён па аднаму, па два тыя рушнікі і посьцілкі забіраць ды ў лес у схован<цы> зносіць. А што было ежы - дык сам еў і дамой насіў. І кажуць, што калі ён краў, у той час кожны раз пугач з таго дрэва рагатаў. Людзі, ведама ж, убачылі, што прападае аброк, і паскардзіліся купцу. Той загадаў вартаўніку ўдзень і ноч пільнаваць Дуб-дзерава, падпільнаваць злодзея. І вось на Пятрову ноч прыйшоў каваль, каб зноў нешта ўкрасьці. А ноч была навальнічная, і калі цыган падышоў да дрэва, адразу ж бліснула маланка і асьвяціла злодзея, а вартаўнік дагнаў яго і агрэў каваля асінавым колам па галаве. Цыган - як і паваліўся, а пасьля ўскочыў на ногі, але ўжо не чалавекам, а ваўком. І доўга пасьля гэтага сустракалі людзі ў навакольных лясах чорнага ваўка, які жудасна выў па начах. А каля Дуб-дзерава ў гэты час жудасна рагатаў пугач. Кажуць яшчэ, што прыязджаў да Дуб-дзерава нават нейкі вельмі багаты чалавек з хворай жонкай ды закапаў пад тым дрэвам жончын залаты крыжык і пакінуў там многа усякага дабра.
Запісана ад Лап[ы] Тацьцяны
Апанасаўны зь вёскі Зазер’е