АЛА СЯМЁНАВА. “І ДАЛЕЙ! ДАЛЕЙ! ДАЛЕЙ!..”

May 06, 2008 21:25



Прыемна, калі пра тваю кніжку пішуць. Яшчэ прыемней, калі крытык старэйшага пакаленьня спрабуе зразумець. Шчыра ўдзячны Але Сямёнавай за тэкст пра "Бэрлібры", а таксама "Радыё Свабодзе", дзе гэты тэкст зьявіўся. Сумна, што ў Беларусі мала месцаў, дзе можа зьявіцца крытыка. Так, каб на "Свабодзе" зьявіўся гэты тэкст, супрацоўнікі радыё мусілі адмовіць Ганьне Кісьліцынай, якая хацела агучыць свой на тую ж тэму. Але крытыка зьявілася, прычым досыць спачувальная. Як на мяне, месцамі трохі патасная. (Так, можна было нарэшце пакінуць у спакоі Ігара Хадановіча. Здагадайцеся з трох разоў, якое пытаньне мне найчасьцей задаюць падчас знаёмства розныя дзеячы беларускай культуры?) Цікава, ці сама аўтарка разумее алюзію, якую зрабіла назвай свайго разбору? Але мяне гэта назва шчыра парадавала. Дзякуй!

АЛА СЯМЁНАВА. “І ДАЛЕЙ! ДАЛЕЙ! ДАЛЕЙ!..”

Андрэй Хадановіч. Бэрлібры. Выдавецтва “Логвінаў”, 2008

Андрэй Хадановіч… Калі ўпершыню прачыталася гэтае прозьвішча, дык узгадаўся таленавіты празаік канца 50-пачатку 60-х гадоў - Ігар Хадановіч… Цікава пачынаў - трагічна загінуў зусім маладым у 1966 годзе…

Але год нараджэньня Андрэя Хадановіча - 1973 - адназначна сьведчыў: не, ніякага крэўнага дачыненьня гэты талент да таго мець ня мог. Але гэта да слова…

Новыя публікацыі творцы… Паэта, перакладчыка, эсэіста Андрэя Хадановіча…У якога ў актыве - ангельская, француская, польская, украінская мовы. Менавіта - у актыве. Пакаленьне няпростай пары (хаця - дзе яна простая?), яно ня ведае цэнзуры, шматлікіх умоваў і перадумоваў для выезду ў замежжа, дыктату дзяржаўных выдавецтваў… Паэту - 35 гадоў. Пара зьдзейсьненых геніяў… Сярэдзіна зямнога шляху паводле вялікага (і гнанага) флярэнтыйца… Квітнеючы ўзрост… І новая кніга паэзіі - “Бэрлібры”.

Як пазначае аўтар, тэрмін “бэрлібры” ўзьнік дзякуючы літаратурнай фантазіі Ўладзімера Арлова і Марыйкі Мартысевіч. Урэшце - гэты жанр і гэты тэрмін выдатна стасаваліся і да створанага ў Польшчы і ў Менску. Паэтычны інструмэнтар выяўляў сваю трываласьць і рабочую надзейнасьць. Ну, а перажываньні сьветапарадку… Яны мяняюцца ў залежнасьці ад нашага месцазнаходжаньня. І застаюцца нязьменнымі. Культуралягічны, літаратурны код: “Вось і цяпер / уключаю вечаровыя навіны / і адразу згадваю, / хто там ідзе, / хто сьмяецца апошнім, хто вінаваты…” Або: “аўтобус пралятае над гняздом зязюлі, канцавы прыпынак над прорвай у жыце”…

Самасьвядомасьць, мысьленьніцкі лад, што за стагодзьдзе (нават больш), па сутнасьці, стаўся звычаем, а тое, што лічылася клясычным канонам і паводле сэнсу, і паводле формы (клясычная прасодыя) ці ня сталася выключэньнем. Прынамсі, у краінах заходняй культуры. І ў тых пакаленьняў беларускіх літаратараў, якія пазначылі сябе ў творчасьці ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя і ў пост-савецкую пару. (Наўмысна пазьбягаю досыць умоўных і ці
не састарэлых сваёй сэмантыкай паняткаў “мадэрнізм” і “пост-мадэрнізм”.)

Вольнае вандраваньне па гістарычнай і геаграфічнай прасторы, увядзеньне самых розных літаратурных постацяў у структурах і сутнасьцях паводле іх відавочнасьці і вызначанасьці зусім ня зрокавай, затое з абавязковай прысутнасьцю гіроніі, якая не пазначае нюансы, а выглядае стылёвым прынцыпам: “Віён напоўніцу адчуў / усемагутнасьць праваабаронцаў”,“Ганкур вядзе дзёньнік у інтэрнэце” (праўда, незразумела, які з братоў - Эдмон або Жуль?), “Фолкнэр і Маркес канкуруюць на рынку турпаслугаў, / прапануючы гарачыя туры / ў Ёкнапатофу і Маконда”.

Адвечнае і сучаснае, архетыпы (паводле грэцкага вызначэньня і паводле ўяўленьняў Юнга) і стэрэатыпы - і адзінкавае, сутнаснае існаваньне ego аўтара, дыялектыка асобы - і варыянты існаваньня. Традыцыйнае - сымболь, “прылада сьмерці” - каса, а ўцывілізаваным сьвеце замест яе - газонакасілка: “і цяпер старой прасьцей / касіць сваю канюшыну”. Зноў “перакідваньне” жанраў і стыляў: апошняя рыса, фінал жыцьцёвай драмы - а ў касца “на галаве навушнікі плэера”… (Чамусьці згадваецца таксама нетыповая Сьмерць у фільме Жана Както “Арфэй” у выкананьні Марыі Казарэс: прыгожая дама-інфэрна.

Гіронія - выратавальная, абарончая, наступальная… Нават калі гэта амаль сакральнае: “Жыве Беларусь!” - самагіронія… І надзея ўсё ж…

Увогуле, чытаючы Андрэя Хадановіча, адчуваеш гэткую Свабоду. Адчуваеш перагук, перазоў - яго душэўнай сутнасьці зь іншымі: у часе, у прасторы… Але часам губляесься ва ўяўленьнях: можа, паэтычныя галюцынацыі ў віртуальнай рэальнасьці? Вандроўка ў сеціве? Ці вяртаньне сэнсаў сэнсам? Вобраз творчых паводзінаў?

Пэўна, што гэта тая творчая прастора ў беларускай паэзіі, якая пазначана імёнамі Янкі Юхнаўца, Яна Чыквіна, Алеся
Разанава, Уладзімера Арлова, Анатоля Сыса, Адама Глёбуса, Міхася Скоблы, Алега Мінкіна…

Андрэй Хадановіч разьлічвае, безумоўна, на падрыхтаванага чытача, які пазнае яго код і адчуе ход ягоных думак. Хаця часам аўтар адкідвае дакладнасьць культуровых рэалій, складаны і віртуозны інструмэнтар і аддаецца “невыноснай лёгкасьці быцьця”: “І было возера, / канцавы прыпынак гарадзкой чыгункі. / І было неба, / канцавы прыпынак яго легкадумных мрояў, / шэсьць дзён падарожжа праз дождж, / І было сонца на сёмы дзень, / І пабачыў ён, / што шэсьць папярэдніх было горай. І было іх двое на цэлым сьвеце…” Відавочны рытмізаваны пад біблейскі памер. І ня толькі памер… Магчыма, гэта ня самы пазнавальны Андрэй Хадановіч, але ён можа быць і такім.

Сам па сабе і ў гурце літаратурным - тых, хто побач з ім. На абшарах Сусьвету. У сваім, беларускім атачэньні. Сам-насам. З Сусьветам. З чытачамі… А іх, падобна, шукаць ня трэба. Гэта яны шукаюць кнігу Андрэя Хадановіча “Бэрлібры”. Наклад 1000 асобнікаў. Па сёньняшнім часе не такі малы. Але кнігу ўдалося “злавіць” толькі ў чацьвёртай кнігарні…

Прамовіць пра свае нязгоды з аўтарам ня ўдасца - бесцэнзурны друк зрабіў дазволеным усё. Не зрабіў згоднымі ўсіх…

Аднак - “адпраўляецца аўтобус у кірунку Свана…”
Шляхамі Марсэля Пруста, Янкі Купалы, Мілаша Формана,
Франсуазы Саган, Булата Акуджавы, Джэрома
Сэлінджэра… “І далей! далей! далей!”

Узята тут:
http://www.svaboda.org/content/Transcript/1109165.html
Previous post Next post
Up