Кантрабанда цуду: паэзія і Каляды

Dec 25, 2021 15:55


Даўным-даўно, калі дрэвы на менскай вуліцы Карла Маркса былі вялікія і яшчэ не спілаваныя, а з самога філфака на той вуліцы яшчэ не звальнялі прафесараў і выкладчыкаў, і нават студэнтаў не звальнялі за палітыку, але ўсё да гэтага ўжо ішло, бо мы пераехалі ў будынак былой партыйнай школа, а такія ўстановы, як вядома, былымі не бываюць… Дык вось, на новым тады філфаку з’явілася новая файная традыцыя, што трымае мяне ў сваіх пяшчотных абдымках да сёння. Традыцыя адзначаць Каляды - каляднай паэзіяй.

Спачатку ў нашу студэнцкую аўдыторыю ўвайшла Галіна Веніямінаўна Сініла, і пачала сваю першую лекцыю па замежнай літаратуры - геніяльнай паэзіяй. І чытала яе (паэзію) так, што потым можна было слухаць якія заўгодна лекцыі пра што-заўгодна. Але яны таксама былі геніяльныя і збольшага пра геніяльных паэтаў. Лектарка была (і ёсць) маніякальнай перфекцыяністкай, выкладала(ся) напоўніцу і патрабавала таго самага ад студэнтаў. Таму большасць з нас яе банальна баялася і панічна дрыжала ў калідоры, упэўненая (цалкам слушна), што не здасць. Але, загіпнатызаваная яе голасам і харызмай, немалая рэшта была гатовая следаваць хоць праз пустэльню й Чырвонае мора за Майсеем, хоць у Новы Свет за Манон Леско, хоць на залік да самой Галіны Сініла.



Гэтыя людзі і трапілі да яе на спецсемінар, а заадно і на арганізаваную ёй на Раство паэтычную вечарыну. З Пастарнакам і Бродскім, і заходнімі паэтамі, з каляднай зоркай і Каспарам-Бальтазарам-Мельхіёрам у ролі астролагаў-магаў, з анёламі і пастухамі, з Ірадам і ўцёкамі святога сямейства ў Егіпет. Настаўніца на пальцах тлумачыла нам сувязь між сучаснай ёлачнай вершалінкай - і бэтлеемскай зоркай, між падарункамі - і дарамі, між бутафорыяй - і містэрыяй, а заадно між вершамі на дзедмарозаўскай табурэтцы - і высокай паэзіяй. Праз колькі гадоў да трывалай ужо, штогадовай традыцыі далучыцца яшчэ адна найлепшая на факультэце выкладчыца літаратуры Ірына Сцяпанаўна Скарапанава - са сваімі студэнтамі, аспірантамі і маладзейшымі калегамі-выкладчыкамі. І кафедральныя вячоркі зробяцца амаль што паэтычным фестывалем.

Прыкладна тады ж Андрэй Дынько, тагачасны рэдактар “першай газеты з рысункамі”, прапануе аўтару гэтых словаў пісаць вершы на Каляды і друкаваць іх у “Нашай Ніве”, і гэта будзе доўжыцца з дзесяць гадоў. А паралельна Георгій Барташ арганізуе “Фэст аднаго верша” (гэты верш мусіць быць калядна-навагоднім), на яго стануць дасылаць творы не толькі менчукі і не толькі беларусы, але ж і ўкраінцы, расійцы… І Менск нечакана ператворыцца ў міжнародны цэнтр каляднай паэзіі.

Што, здавалася б, агульнага між гэтымі ідылічнымі згадкамі і нашым не вельмі каб светлым сёння? А хаця б тое, што як сама біблійная гісторыя пра Раство, так і яе літаратурныя адлюстраванні-пераўвасабленні - універсальны сюжэт пра незнішчальнасць любові і святла, пра нявечнасць гвалту, хлусні ды іншага зла, якое можа папсаваць (і папраліваць) людзям шмат крыві, але проста няздольнае перамагчы; пра сэнс гісторыі і надзею на лепшае, пра сувязь мінулага і будучыні проста тут і цяпер, у сённяшніх Калядах. А яшчэ пра беспрытульнасць і бяздомнасць, пра доўгую дарогу і непадрыхтаваныя ўцёкі. Пра рэлакацыю ў Бэтлееме мужа з цяжарнай жонкай і эміграцыю ў Егіпет сям’і з маленькім дзіцем. А яшчэ пра высокую цану, якую плаціш за сапраўдныя каштоўнасці. І - тым не менш - пра ўратаванне і вяртанне дадому. Такая сабе боская (яна ж чалавечая) камедыя. У старажытным сэнсе слова “камедыя”: як шлях ад найгоршага да найлепшага, праз пекла і чысцец… ну, вы зразумелі.

Як і калі гэтае найлепшае з намі здарыцца? Вядома ж, я быў бы хлусам і паскуднікам, каб сказаў, што ведаю - на рацыянальным узроўні палітычных ці якіх заўгодна іншых прагнозаў. А вось чытаючы, перакладаючы (а моцна пашанцуе - дык і пішучы) калядныя вершы - фізічна гэта адчуваю. Бо чыста рэлігійная магія тут памнажаецца на паэтычную. Бо, паводле законаў кампазіцыі, завязка, градацыя, рэтардацыя, кульмінацыя - і што там яшчэ? - прадугледжвае і развязку. Бо ў паэзіі, як і ў каляднай гісторыі, цуд - гэта не шчаслівы збег акалічнасцяў, а абсалютна заканамерная і неадменная ўмова існавання.

Дарэчы, даслоўна ўчора абмяркоўвалі з калегам-літаратарам, чаму ў сённяшняй Беларусі рэзка паболела паэзіі, так што нават, здавалася б, закаранелыя празаікі пішуць не абы-якія вершы. Бо празаіку, пачынаючы сваё падарожжа, трэба прынамсі збольшага - а лепей дакладна - ведаць, куды ён хоча трапіць у выніку, беларуская ж сітуацыя спараджае больш пытанняў, чым адказаў. А вось паэт у сваёй “езде в незнаемое”, як біблійная тройца магаў, арыентуецца хіба што на падарожную зорку, якая і павінна прывесці - вывесці - куды трэба. Вядома ж, калі зорка сапраўдная і маг сапраўдны.

Давайце лепш раскажу вам гісторыю пра калядны цуд. Гадоў дваццаць таму я пачаў выкладаць літаратуру ў Гуманітарным ліцэі, само існаванне якого ў гэтай краіне было дзівам. Відаць, улады адчулі гэта - і забаранілі яго. Але навучэнцы, іх бацькі і настаўнікі дамовіліся вучыцца далей, і ў Беларусі з’явіўся свой падпольны ліцэй, партызанская школа. Гэта, безумоўна, цуд, але яшчэ не калядны. А вось напярэдадні Калядаў літоўскі ліцэй запрасіў нас да сябе ў Вільню - трохі павучыцца ў цывілізаваных умовах, а заадно адсвяткаваць Каляды і Новы год.

Зборы пачаліся так раптоўна і адбываліся так хутка, што мала хто паспеў зрабіць сабе літоўскую візу. (У тыя часы людзі яшчэ ездзілі ў Літву і Польшчу па літоўскай і польскай, звычайна - аднаразовай ці двухразовай - візах, таму ў іх імгненна заканчваліся вольныя старонкі ў пашпартах.) І большасці з нас тэрмінова зрабілі адну групавую візу (з доўгім спісам прозвішчаў) на ўсіх. Але гэта прадугледжвала арганізаваны выезд і вяртанне ўсім разам. А ваш пакорны слуга, адсвяткаваўшы першыя Каляды з ліцэістамі і за тыдзень дасхочу нацешыўшыся святочнай Вільняй, на Новы год неадольна захацеў дадому, да сям’і. І не прыдумаў нічога лепшага, як проста зрабіць ксеракс той групавой візы і сесці ў аўтобус да Менску з гэтым ксераксам. Учынак, пагадзіцеся, прынамсі легкадумны.

А трэба дадаць, што рэдка пабачыш больш злых і раздражнёных людзей, чым памежнікі і мытнікі на Каляды ці Новы год, якія самі працуюць - і назіраюць, як людзі едуць святкаваць, прычым часта пачынаюць святкаваць яшчэ ў дарозе і дабіраюцца да мяжы парадкам ужо насвяткаваныя. А тут дзіўны беларус без літоўскай візы з пакамечанай ксеракопіяй чагось невыразнага. У дадатак, адзіны цвярозы на ўвесь аўтобус 31 снежня.

Карацей, мяне пачалі ці то затрымліваць, ці то проста ссаджваць з аўтобуса, каб вяртаўся ў Вільню і ехаў назад роўна так, як прыехаў. І тут я сумна прамармытаў пад нос нешта пра ліцэй. “Как-как? - ажывіўся літоўскі афіцэр-памежнік. -  Гуманитарный лицей? Это который единственный у вас на белорусском языке? Который закрыл ваш диктатор - и вы приехали учиться к нам? Да мы тут третий день смотрим про вас по телевизору!” Я падумаў, што вар’яцею. Куды падзелася іх злосць і раздражненне. Праз пяць хвілінак мяне пасадзілі ў аўтобус, пажадалі шчаслівай дарогі і шчаслівага Новага года, а заадно і шчаслівай вольнай Беларусі.

І я ўжо без прыгодаў вярнуўся дадому. А праз год, вядома ж, ізноў паехаў з ліцэем у Вільню. І, слухаючы ў тамтэйшай ратушы калядны канцэрт, накідаў у нататніку верш, дзе ўсё зусім не так, як у расказанай гісторыі - і, разам з тым, менавіта так:

Шчодры вечар

Вечар на мытні. Католікі п'юць заварку.

На ўкраінскай, вядома, сідають їсти.

На беларускай, магчыма, кульнулі чарку.

Добра ім, бульбашам, яны атэісты.

Снег на заставах такі ж, як у Вільні й Рызе.

Зорнае неба гоніць думкі аб хлебе.

У Еўразвязе эканамічны крызіс:

эканомяць святло - і зоркі відаць лепей.

Трое бадзягаў. Два з візамі, трэці без візы.

Твары такія, што можна крычаць: “горка!”

Кажуць, па Еўраньюс выступалі ганцы з Пізы,

быццам на ўсход ад шэнгену гарыць зорка.

Пенсіянер-фальксваген - нібы вярблюд аднагорбы.

Фатаробат кіроўцы вядомы мясцовым уладам.

На рухомую стужку складаюць свае торбы.

На маніторы ў мытніцы: золата, смірна, ладан.

Першы з пакетам прэзентаў. На пакеце багоўка.

Ясна, што з беластоцкага супермаркету. Пагаварым-с?

Пан Бальтазарскі Караль, дзе ваша страхоўка?

Мэта паездкі?

Пішыце “зорны турызм”.

Вы, Мельхіёрас Валхваўскас, пачаму без

візы? Па ксераксе?! Групавой?!! Трохгадовае даўніны?!!!

Хто падпісаў дазвол? Генерал-лейтэнант Анубіс?

Так, харэ выдурняцца. Ну вы й звіздуны!

Раптам: “Здароў, Каспяровіч! Зямляк з-пад Валожына!

На Каляды дадому - у нашым стылі…”

Тут здараецца цуд, хоць і не паложана:

усіх трох - нават лабуса - прапусцілі.

Ражджаство ў Беларусі? Будуць прыгоды на сраку вам -

падарунак для мага. (Валхва? Караля? Звіздуна?)

Недзе над Ракавам

вернікам і абыякавым,

нібы зорка з ялінкі, свеціць яна.

Ці трэба казаць, што першай мовай, на якую пераклалі верш, была літоўская?

А некалькі дзён таму жонка і кума вярталіся з замежных краінаў у Беларусь. І шмат гадзінаў прастаялі на мяжы. Не толькі праз тое, што памежнікі і мытнікі неяк адмыслова доўга і прыдзірліва рабілі свае сумнеўныя справы. Найперш таму, што калядны караван аўтобусаў быў бітма набіты маладымі беларусамі, студэнтамі ды іншымі, якія - сёлета таксама! - ехалі на Раство дадому, каб сустрэцца з роднымі і святкаваць разам з сям’ёй. А значыць, ёсць рэчы, мацнейшыя за страх, цемру, безнадзейнасць і стому. І яны абавязкова перамогуць.

Шчаслівых Калядаў! Не, сёння давайце так: з Калядамі, і хай год, які імі пачынаецца, верне нам усім адчуванне страчанага шчасця!

Previous post
Up