Шарль Бадлер. "Запрашэньне ў падарожжа"

Jul 20, 2016 23:38



Красуня, давай
Адправімся ў край
Шчасьлівай вясны і вясёлак!
У рай на дваіх,
Што варты тваіх
Надзеяў і сноў, мой анёлак!
Паедзем, дзіця,
На сьвята жыцьця,
Дзе сонца ўсьміхаецца з дымкі,
А мора пяе,
Як вочы твае,
Калі адкрываеш абдымкі.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

Абставім пакой
Зь любоўю такой,
У стылі такім рарытэтным,
Каб дрэва і шкло
Чароўным было,
І добра было тэт-а-тэт нам.
Камін, жырандоль,
Каб цені - на столь,
Суквецьцяў, сугуччаў сумоўе,
Нібыта з чужой,
Ды блізкай душой
Гаворыць само залюстроўе.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

А зранку, калі
Усе караблі
Чакаюць цябе на прычале,
Адно захаці -
І ў Індыю ці
Амэрыку нас бы памчалі.
А ўвечар, калі
Палацы й палі
Залоціць сьвятло на заходзе,
Палеткі й дамы
Заснуць, як і мы,
У цёплай вясновай лагодзе.

І ўсё, чаго прагнеш, там ёсьць:
Раскоша, спакой, прыгажосьць!

Арыгінал: http://fleursdumal.org/poem/148
Previous post Next post
Up