“Гэтыя выбары перасталі быць спрэчкай праграм”, - адгукнуўся калектыўны скептычны каментатар на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы 19 ліпеня. Кола такіх каментатараў надзіва шырокае. Яно абнімае не толькі аўтараў “Мінскага дыялога” (
Мельянцоў) ці Алега
Гайдукевіча, якія нястомна працуюць на захаванне цяперашняй канфігурацыі эканамічных і палітычных дачыненняў. Чутно гэтае шкадаванне таксама ад іншых назіральнікаў, напрыклад ад Андрэя Казакевіча (у сацыяльных сетках: “палітычная частка кампаніі скончылася”). У іншых формах тэзіс “праграм няма” вельмі пашыраны (
Класкоўскі). Гэты вывад не толькі дыскрэдытуе палітычны працэс. Ён не адпавядае рэчаіснасці.
Тыя, хто адмаўляюць Ціханоўскай у наяўнасці праграмы, ігнаруюць усю гісторыю апазіцыі за апошнія трыццаць гадоў. Да яе можна ставіцца па-рознаму, але яна не мінула дарма. Іменна праграма, створаная і рэпрадукаваная ўнутры апазіцыі, сёння “саслізнула” ў прамовы лідарак альтэрнатывы (чым
не ўсе давольныя). Часткова таму, што іншай праграмы няма. Магчыма, яе не можа быць:
цяжка ўявіць сабе марксісцкую ці анархісцскую альтэрнатыву, здольную натхніць дзясяткі тысяч людзей на калектыўнае дзеянне. Сацыялістычная палітычная ўява суздром дыскрэдытаваная Лукашэнкавым перавыданнем “каманднай сістэмы”, якую значная частка грамадства ўжо не прымае.
Спрэчка праграм рэдка калі адбываецца ў адпаведных партыйных дакументах. Маўленне і дзеянне адбываюцца паўсюль, калі гэтага патрабуе гістарычны момант. Выбары 2020 паставілі Беларусь перад простай альтэрнатывай. Палітычная тэорыя, якую ўзяў на ўзбраенне аб’яднаны штаб, даўно і добра вядомая. Каб уявіць сабе ейную дыскурсіўную механіку, дастаткова звярнуцца да публіцыстыкі эпохі перабудовы. Гэтая тэорыя разумее свабоднага эканамічнага суб’екта, вызваленага ад вонкавага ўціску, як галоўную крыніцу росту, як падмурак маральнага і эфектыўнага эканамічнага ладу. На месца дырэктыўнага размеркавання рэсурсаў, кантролю і мілітарызаванай дысцыпліны дэмакратычны дыскурс ставіць індывідуалізм, спантанны, самаарганізаваны парадак (рынак) і інстытуты.
Гэтыя тэарэтычныя разважанні, якія ў гады перабудовы былі вядомыя як абуджэнне гаспадара, зацікаўленасць у выніках свае працы, чалавечы фактар (гл. Лукашенко А. Г., Городецкие уроки, Минск 1990), у сёлетняй кампаніі скараціліся да галоўнага пункта праграмы Ціханоўскай: новыя, справядлівыя і сумленныя, выбары. Тэарэтычную пераканаўчасць гэтага пасылу адчулі апаненты. Алег Гайдукевіч выклаў адказ дзеючай улады. Выбары ён разумее як пагрозу, як разбурэнне сацыяльнага і эканамічнага парадку. Гэты сантымент можна знайсці ў выступленнях такіх спікераў, як
Ярмошына і
Лукашэнка (“ніколі беларускі парламент не штурхне краіну ў чараду перадвыбарчых кампаній”). У адрозненне ад палітычных экспертаў, удзельнікі кампаніі лёгка адчулі, у чым змест спрэчкі.
Таму
мае рацыю Чалы: усе абяцанні пераўтварэнняў, якія робіць цяперашні прэзідэнт, гэта словы, якія ніколі не народзяць справы (пазычаю яшчэ адну метафару ад публіцыстаў перабудовы). І новая канстытуцыя, калі яна ўсё ж з’явіцца, будзе такой жа бутафорыяй, як пуцінская канстытуцыйная рэформа. Нездарма даўно забыліся
Марзалюковы абяцанні з кампаніі 2019 года. Нагадаю, дэпутат тады выказаў думку, што новы асноўны закон павінен у ліку іншага развязаць пытанне прызнання Беларусі ў свеце. Мелася наўме большая лібералізацыя грамадства. Сёлетняя выбарчая кампанія паказала, што кірунак развіцця цяперашняй сістэмы вызначаны адназначна: ён не толькі не прадугледжвае лібералізацыі, ён зноў гатовы атакаваць грамадзянскую супольнасць.
Выбары 2020 утрымліваюць мноства абстрактных, тэарэтычных пытанняў, і беларускія выбарцы павінны вызначыцца са сваім адказам на іх. З гэтых адзінокіх рашэнняў узнікае хараство гэтага гістарычнага моманту. Афіцыйны вынік, які будзе перапісаны з пратаколаў 2006 года, не можа спыніць разбурэнне даверу да перспектыў “беларускай мадэлі”. Жыццё не спыняецца па волі Лукашэнкі, Ярмошынай ці Караева. Працэс напружанага, творчага і зацятага разважання ідзе; беларускі народ знайшоў сябе на раздарожжы. З лагера кансерватараў чуваць дакладныя абяцанні: ціск на медыі працягнецца, крымінальны пераслед не спыняецца, а толькі шырыцца. Эканамічная палітыка грунтуецца на
архаічных і збанкрутавалых уяўленнях. Улада заўважыла, што прайграла інтэрнэт, і можна ўявіць сабе, як яна будзе яго “адваёўваць”. Гэта канкрэтны вобраз будучыні, змрочнай краіны, якая патанае ў бяспраўі, свавольстве і безнадзейнасці. Яго ні з чым не пераблытаеш, бо, як справядліва заўважыў дзеючы прэзідэнт, мы яго добра ведаем.
На іншым баку такая ж пэўнасць у мысленні, маўленні і дзеянні. Гэтую пэўнасць можна было бачыць, слухаючы, як людзі гаварылі ўсё лета на мітынгах. На плошчы, якой так баіцца дзеючая ўлада. Плошча, якая адбываецца, гэта не барыкады: гэта балесны і ўтомны soul searching. Як у вершы Разанава “Мітынг”: словы вострыя, як лёзы, яны разразаюць тых, хто іх чуе, напалам. 9 жніўня беларусы выбірацьмуць паміж дэмакратыяй і дыктатурай. Гэта і ёсць праграмы. Уражвае, колькі энэргіі, творчасці і смеласці назапасіла беларускае грамадства насуперак сістэме, адмыслова створанай для таго, каб адвучыць беларусаў нават ад думкі пра тое, што збанкрутавалы парадак можа быць папраўлены на лепшы. Бачачы гэтую змену ў масавых настроях, Лукашэнка і Ярмошына дэманціравалі нават той фасад законнасці і нормаў, які яны самі стварылі: спрабавалі знішчыць альтэрнатыву праз нядопуск меркаваных асноўных кандыдатаў, мусілі разбурыць нават і бяспраўнае назіранне. Дазволілі Ціханоўскай рабіць агітацыю ў такіх месцах, куды, лічылася, людзі не пойдуць. Высветлілася, справа не ў лакацыях. Цяпер вымушаныя займаць тыя месцы самі, абы спыніць кампанію штабоў. “Давайце адыдзем ад праўнай ацэнкі сітуацыі”, - выпадковы сказ, які дасціпна выражае праграму кандыдата Лукашэнкі. Ён адначасова акрэслівае праграму Ціханоўскай.
Цяперашні прэзідэнт і ягоная каманда вядуць змаганне не за людзей, а за медыйную карцінку, бо гэта апошняе, што яны яшчэ могуць выйграць. Але гэта не значыць, што бітвы праграм няма. [Такога зацятага двубою мы не бачылі з 1996 года. Засталося толькі пытанне судзейства.]