Ганна Севярынец

Jul 19, 2024 08:33



Цётка Надзя забылася памерці
Недзе ў тысяча семьсот нейкім бог ведама годзе,
Ужо ледзь тахкала сэрца,
Ужо нічога не зробіш у гародзе,
Ужо адпачынку прасіла цела,
Але яна неяк ператапталася, перацярпела,
Потым не было як, потым не было калі,
Дні беглі, тыдні гулі,
Часу нібыта было і шмат, але яна так і не мела хвіліны,
Прапусціла і дзявяты дзень, і саракавіны,
А там чарніцы пайшлі й маліны,
А там карове трэба накасіць, а там і жаць,
А хлеба спячы, а мыць, а праць,
Увайшла ў звычайны рытм
І ўсё на тым.

І калі аднойчы прыехаў ротмістр у сувязі з царскім указам
Усіх тутэйшых занесці ў рэвізскую сказку,
І спытаўся, схіліўшыся над лістом:
“Сколько лет, старуха?” -
Разгубілася, махнула рукой і сказала: “Сто”.
І цяпер у кожным перапісе гэтае вёскі
Яна ідзе адразу на першай старонцы,
І кожны перапісчык, стомлены і галодны,
Адное і тое ж пытаецца, ужо й не смяецца ніводны:
“А этой - сто?” - “Сто”.
І рыпне пад кропкай стол.

Так і пайшло зноў па коле: Піліпаўка, Вялікдзень, Сёмуха,
Зацвітае чаромха, адцвітае чаромха,
Бульбу выкапалі, бульбу пасадзілі,
Дзеці дзяцей сваіх дзяцей нарадзілі,
Палёгка, вайна, палёгка, вайна, палёгка, вайна,
І ўжо зблыталіся імёны тых, па кім галасіла яна,
Што-што, а галасіць цётка Надзя ўмела спраўна,
Нават клікалі яе то да Яна, то да Івана,
І так прычытвала яна хораша, так - казалі - красіва,
Што кожны хацеў бы, каб і па ім менавіта яна галасіла.

Ах ты сокал мой, ты ж саколічак,
А што ты не падымешся, ня скажаш словачка.
А не прыйдзеш ты да хаты ўзімачку,
А не прыйдзеш ты да хаты лецечкам,
А не пойдзеш ты ножкамі па сцежачцы,
І не бразне за табою клямачка.

За гэта і гасцінца ёй давалі, а іншы раз і грошы,
То быў і са старой для сям’і прыбытак, і часам харошы.

А недзе там, за вёскай, то блізка, а то далёка,
Вайна, палёгка, вайна, палёгка, вайна, палёгка,
Скідалі цароў, кроілі межы, на сходах галёкалі,
Коні, палутаркі, аўтобусы, тэлефоны,
Рабыня Ізаура, студэнты з магнітафонамі:
- А як вы галосіце, цётка? Нам бы хаця б адно нешта, як узор?
- Так жа ня можна… Сёння ж ніхто не памёр…

А неяк увечары цягнулася цётка з травою з рэчкі,
Бачыць - стаіць яна, чаканая госця, ля веснічак.
- То, можа, за мною нарэшце?
Махнула рукой:
- Ды кінь ты. Няма мне іншага клопату, як з табой.
- Паслухай. Ня маю ўжо сілы матляцца па свеце.
- Ай, цётка, без цябе, мо, жыць можна, ды як памерці?

І паплялася далей па вёсцы, туды, дзе былі ў яе справы.
І сонца ўсміхалася злева, а цемра - справа.

вершы

Previous post Next post
Up