Сяргей Чыгрын

Feb 21, 2023 10:35


Кажыце сваяцтва, а не радство

Кажыце сваяцтва, а не радство,

Кажыце краса, пекната, хараство,

І дабрыня, меншыня, меншыня -

Кажыце, пакуль вам падказваю я.

Адметны кажыце і адмысловы -

Такія прыгожыя родныя словы.

Кажыце круцёлка, а не вяртушка,

Кажыце ваяка, жаўнер і ваяр,

Ялінка, ядловец, юшка і яр.

Малы і малеча, а не малыш,

І вельмі прыгожае слова спаміж.

Забудзьце ляднік, а ёсць наша - лядоўня,

Трайняты кажыце заўжды, а не тройня.

Крумкач ці груган, ды толькі не воран

Кажыце, калі ён лятае над борам.

Ёсць плата, вядома, а не плацеж.

Ды куфлем піва суседа пацеш.

Пасля пачастуй баханкай хлеба,

А не буханкаю - гэтак не трэба.

Кажыце, што ў збан малако наліваецца,

Але не жбан ці жбанок падстаўляецца.

Не загавор вы кажыце, а змова -

На словы багатая родная мова.

Ёсць слова наросхрыст - не нараспашку,

Сарочку сваю апрануць - не рубашку.

Ёсць слова паспешлівы - ды не таропкі,

Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.

Ёсць слова таннець - не дзешавець...

Нам блізкія словы лягчэй зразумець.

На іх і трымаецца родная мова -

Таму беражыце яе кожнае слова!

вершы

Previous post Next post
Up