Умка ў Празе

Jan 25, 2011 13:51



На Захад прынята езьдзіць па заходнюю музыку. У маім выпадку атрымалася так, што менавіта ў Празе я ня толькі пабачыў "зблізу" айчынных музыкаў (Данчык, Вольскі, Камоцкая, Мельнікаў), але і ўлюбёных расейскіх выканаўцаў - "Аукцыон", Грабеншчыкова, і вось урэшце - Умку.

Зрэшты, Умкі я ў Беларусі ня ведаў. Толькі пасяліўшыся на праскім сквоце "Мілада" ў жніўні 98-га, я пачуў ад расейскай анархісткі Машы з Іркуцку аматарскі 90-хвілінны запіс нейкага маскоўскага "кватэрніка" Умкі, на якім сама Маша за пару гадоў да таго прысутнічала. Падобным спосабам і ў падобнай якасьці запісы Умкі шырыліся ў асяродку гіпі  ў 80-х гг. Узьдзеяньне таго запісу (глыбокая аўтэнтычнасьць як самога гуку, так голасу сьпявачкі і ейных тэкстаў) на мяне ў маёй тагачаснай сытуацыі бяздомнага прыхадня апісаць цяжка. Дастаткова сказаць, што з таго часу Умка стала адным з галоўных (і недасяжных) узораў для маіх уласных песенных спробаў, а некаторыя ейныя рэчы я пераклаў на беларускую.

Праскі канцэрт, на жаль, быў арганізаваны (калі можна так сказаць) у досыць снобскім клюбе "Прапаганда", дзе я дагэтуль ніколі ня быў празь ягоную турыстычную скіраванасьць. Самі гаспадары і супрацоўнікі клюбу пра канцэрт, як мне здаецца, ці то зусім ня ведалі, ці то даведаліся ў апошні момант - праз гэта мы ледзь яго не прапусьцілі, бо нас упарта пераконвалі, што канцэрт (як пазьней аказалася, зусім іншы) адбудзецца а 10-й вечара. На шчасьце, мы ім не паверылі. Зайшоўшы ў памяшканьне ацаніць баявую абстаноўку, я ўбачыў маленькую дзяўчыну няпэўнага ўзросту (гэта яна!) і павітаўся зь ёю - але ўжо ў наступны момант засумняваўся, ці насамрэч гэта ТАЯ САМАЯ Умка і нават пераканаў сябе, што гэта хутчэй за ўсё нейкая мая даўняя знаёмая, гішпанка... Але ж першае ўражаньне было слушным. Маленькая дзяўчына (назваць яе "кабетай" у мяне не паварочваецца язык) расклала на стале свае "самапальныя" кампакты (якія яна называла "пласьцінкамі" - словам, належным, як шмат у чым і яна сама, да іншага часу і сьвету) і выправілася прасіць гаспадароў бара выключыць музыку, якая сакатала з дынаміку над самым ейным вухам - падгучкі ніякай не было, і сьпяваць Умка зьбіралася не на маленькай сцэне ў залі, а проста сярод сталоў (дзе, як бачна на відэа, было яшчэ і ніякае асьвятленьне).

Сцэна гутаркі з гаспадарамі была ня самай прыемнай: Умка ўзвышала голас, не разумеючы, чаму так складана "націснуць адну-адзіную кнопачку", гаспадары не разумелі расейскай і крычалі ёй у адказ па-ангельску і па-чэску, што "мы тут не на кірмашы"... Было адчуваньне, што канцэрту не адбудзецца. Факт канфрантацыі шырокай анархічнай душы з Усходу з заходнім чэскім бюракратычным мэнталітэтам быў балюча-відавочным. "Не купляйце ў іх піва, пакуль яны не выключаць музыку!", гучна заклікала Умка прысутных, паказваючы пальцам на "гнюсных афіцыянтаў", і пасьля гэтага - "Давайце, пакуль тое, неяк сябраваць..." Я, так бы мовіць, "адгукнуўся на заклік" і рынуўся набываць калекцыю Умкіных (трэба сказаць, надзіва танных) кампактаў, каб прынамсі матэрыяльна падтрымаць куміра. Паводле іроніі, мая адзіная размова зь ёю тычылася грошай: яна ўпарта адмаўлялася браць за кампакты ўсю суму і наагул выяўляла грэблівае стаўленьне да ўсялякага кшталту фармальнасьцяў, правілаў і цырымоній. Я падумаў, як няпроста было б жыць на Захадзе такому бескампраміснаму чалавеку - колькі сіл, відаць, яна вымушаная траціць на тое, каб дасягнуць звычайнага паразуменьня з тымі, хто не належыць да "піпла"...

Урэшце, пазванілі ўладальніку клюбу, і музыка сьціхла. Я агледзеў прысутных: іх было чалавек сорак-пяцьдзесят, ня меней, амаль усе даведаліся пра канцэрт праз Фэйсбук за дзень-два да яго - вось яна, недаацэненая мною сіла сацыяльных сетак! Цікава, што гэта была пераважна моладзь - генэрацыю "старых хіпаноў" прадстаўлялі толькі некалькі дзядзек ня самага "хіпоўскага" выгляду (я заўжды марыў, каб да іх можна было аднойчы залічыць і мяне - выглядала, што гэтае "аднойчы" надыйшло акурат у той вечар). Папярэдзіўшы, што мае алергію на тытунь, Умка папрасіла ў часе канцэрту не паліць: "Если вы не понимаете по-русски, я могу сказать иначе - я владею иностранными языками!" (Тыя, хто гэтага ня чуў і парушыў забарону, быў потым ёю акрыкнуты проста пасярэдзіне песьні - "Да перестаньте же вы курить!!" і "Оторвите им там головы!" - прызнаюся, што ад гэтых словаў, адрасаваных дзьвюм неабачлівым дзяўчатам, на мяне яшчэ раз павеяла духам хіпоўскай камуны, калі не сказаць - усходняга калектывізму, і я, за гады прывыклы шанаваць "асабістую прастору" кожнага, адчуў сябе непапраўным "заходнікам", калі не зусім "жлабом" з улюбёнай песьні "А вот теперь ты живёшь в этом доме...") З другога боку, даволі кантрастна гучалі радкі "Уважаемая публика, мне не надо от вас ни рублика" побач з чырвоным цэляфанавым пакецікам, які двойчы пускалі "па коле", каб назьбіраць у яго грошай для сьпявачкі, гэтаксама як і частыя згадкі цыгарэтаў у песьнях на тле забароны паліць - што ж, час і месца (банальная рэчаіснасьць), відаць, "узялі сваё" ня толькі ў маім выпадку... Аднак, нягледзячы ні на што, прыемна было, што такая легендарная асоба зусім не зважае на свой "культавы статус" і трымаецца так, быццам яна толькі што прыйшла з гітарай з вуліцы - гэтаму я шчыра парадаваўся і нават пазайздросьціў. Калі ў гэтым сьвеце варта да чагосьці імкнуцца, дык, мажліва, менавіта да таго, каб гадоў праз дваццаць магчы застацца сабой - як яна.

Думаю, што прысутным на гэтым "камэрным", калі не сказаць "падпольным" (ужо таму, што ён адбыўся ў сярэднявечным скляпеньні) канцэрце вельмі пашанцавала: з такой блізіні папросту немагчыма было не ўбачыць і не "зацаніць" ашаламляльнага, нягледзячы на падкрэсьлены "непрафэсіяналізм", музычнага таленту і паэтычнага генія Умкі. Зь нячутых мною раней песень наймацнейшае ўражаньне пакінулі "Дорога", "Стрекоза", "Как хочется всего", "600"; з "стареньких", якія выклікалі ў публікі найбольшае захапленьне - "Раскольников", "Конец", "Прощайте, здесь было хорошо", "Катись по водостокам", "Автостопный блюз". Дарэмна Умка ўвесь час выбачалася, што яна сьпявае адна пад гітару, "без ансамбля", - для мяне, які ведаў яе па згаданым кватэрніку, гэта быў толькі плюс, таму што менавіта атмасфэра кватэрніку наперакор усяму і была створаная Умкай у "не прызначаным" для такіх рэчаў "сур'ёзным" клюбе... Так што дзякуй богу - за тое, што ў гэтым сьвеце ёсьць Умка, ну і што ўсё-ткі выключылі музыку - выбачайце, "музыку"...

Previous post Next post
Up