Як я стаў адмарозкам. Акрэсцінскія нататкі. final edition

Feb 01, 2011 01:36



Так нечакана на тле 15 сутак атрымаўся невялічкі аповед. Для тых, хто хоча пачытаць яго цалкам альбо захаваць на памяць змяшчаю адным пастом з усімі спасылкамі. Гэта наша гісторыя, такая, якой мы яе пішам.

Як я стаў адмарозкам.

Акрэсцінскія нататкі.

Так атрымліваецца, што гісторыя развіваецца цыклічна. Мне не давялося сесьці тае сакавіцкае ноччу, амаль пяць год таму, разам з іншымі, з кім стаялася на той яшчэ плошчы. Натуральна, што гэта не магло працягвацца вечна. Гэтым разам была мая чарга. Сядзець свае 15 сутак. Вам, мужным хлопцам і дзяўчатам 2006 году прысвячаю свае нататкі. Далей тут будуць пераважна мае апісанні і разважанні. Даруйце, калі падасца, што яны змяшчаюць зашмат бэлетрыстыкі, я спрабаваў быў прытрымлівацца фактаў…

***

Дзень Х. Як нас бралі…


…І вось натоўп разыйшоўся на два бакі ды людзі ўтварылі калідор, які звычайна ахоўнікі ці нейкія іншыя людзі ў форме ствараюць для прэм’ераў, тэлезорак альбо спартоўцаў. Калідор - ці тое ад помніку да Дому, ці тое ад дому да помніка… Хто і ў які бок мае па ім пракрочыць мала каму зразумела: прынамсі Ленін працягвае стаяць да яго спіной і рэвалюцыяй не спакушаецца. Нарэшце з валявым тварам да пазяхаючых аскепкамі дзвераў Дома Ўраду шпарка крочыць Мікола Статкевіч з двума засур’ёзнымі памагатымі. Натоўп чагось чакае і вось… меў дачакацца. Натуральна з зусім іншага боку, як маглі чакаць, натуральна адтуль, скуль толькі і варта было чакаць.

Спачатку лёгкая паніка, нібы дробныя хвалі па вадзе, а пасля калідор рэзка затапляецца натоўпам і побач з помнікам галоўнаму рэвалюцыянеру пачынаецца імклівае рушэнне. Натоўп, бы тыя хвалі, імкліва рэжа чорны карабель з пластыку, мэталя і шкла, пакуль наўпрост пагрозліва-маўклівы, але вокамгненна раскручаны ў два ланцугі, што ашчэрыліся ў розныя бакі шчытамі і гумавымі дручкамі. Пародыя на рыцараў-рэканструктараў, ляндскнэхты ХХІ стагоддзя. Шыхт яны трымаюць, хаця і не без высілкаў. Пераважна з боку сэржантаў і іншых “ветэранаў”, якіх кінулі на ўзмацненне баявога духу гэтых учорашніх навабранцаў. Нягледзячы на тое, што ў шаломах ды са шчытамі, яны нагадваюць хутчэй камічных удзельнікаў шоў двайнікоў, якія робяць карцінку на камеру. Бачна, што сапраўдных прафесыяналаў сярод іх няшмат. Гэта заўважальна па іхнай дзіцячай сур’ёзнасці і вонкавай агрэсіўнасці (некаторыя маўчаць, бы вады набраўшы), па трохі нязграбных перасоўваннях пад лаянку старшыняў, па хударлявых постацях. Але ў іх ёсць камандзіры, якія збольшага ведаюць, што трэба рабіць з людзьмі, калі тых шмат. Таму пакуль яны проста грукацяць па шчытах, лаюцца і пагражаюць, ды больш-менш трымаюць шыхт.

Патрапіўшы ў пастку натоўп нагадвае вожыка, які не паспявае скруціцца ў клубочак і, аточаны драпежнікамі, у адчаі зыркае на чатыры бакі. Сутаргова ствараецца нейкае падабенства шыхта з мужчын, хлопцаў, якія разумеюць, што будуць біць і браць, і зноўку біць, перадусім іх, але іншага, як схавацца за чужыя спіны не выпадае… Хаця трапляюцца і такія, што падыходзяць да чорнага шыхта - і, хто з адчаю, хто апантаны злосцю, хтось дзеля правакацыі - просяць, лаяцца, пагражаюць, выклікаюць, б’юць па шчытах, лямантуюць, пераконваюць - але іх пераважна адцягваюць свае ж…

Нябачны рэжысер нарэшце пачынае другі акт і асвятляльнікі згашаюць ліхтары пад расчаравана-безнадзейнае: “усё, будуць браць!” Чорныя напраўду пачынаюць рушыць і ціснуць, сціскаць натоўп. Той разгублена варушыцца, але цісне ў адказ. У адным месцы праціснуўшы чорны шыхт на некалькі метраў. Па флангах ужо кіпіць бойка, часта і рэзка апускаюцца дручкі, людзі падаюць, іх збіваюць ботамі і дручкамі, іх спрабуюць падымаць, дзе-нідзе ў адчаі імкнуцца прарваць пакуль яшчэ не вельмі шчыльныя шыхты. На лесвіцы падслізнуліся і заваліліся разам колькі спецназаўцаў і мітынгоўцаў, утварылася куламеса, але ніхто не пабег па галавох і шыхт замкнулі ізноў. Ужо бачна, што “матчын” натоўп адсунуты далёка і выдаляецца ад нас усё больш ды больш. Значыць застаемся атрымліваць за ўсё і трымаць за ўсіх.

Усе хто мог прабіцца хаця дзе альбо гэта ўжо здзейсніў, альбо быў абламаны. А дручкі ўсё бліжэй і напэўна ім працы стае: яны паліткарэктна не пакідаюць па-за ўвагай ні мужчын, ні дзяўчын, ні маладзёнаў, ні асобаў больш сталага веку. Бачна, што рука з дручком уздымаецца не ў кожнага, але прафесыяналы намагаюцца біць дамэтна. Шпарка падганяюцца аўтазакі (якія пасля, агаліўшы сваё чэрава перад затрыманымі, выказваюць свой сапраўдны твар - звычайныя спецмашыны для перавозу спецвойскаў) і пачынаюць скіроўваць натоўп да іх. “Не бойцеся! Біць не будзем! Хадзіце, адпускаем!” - выгукаюць збольшага спаталіўшыя сваю агрэсію чорныя. Але іх баяцца, баяцца, што будуць біць, а не адпускаць. Зрэшты правільна баяцца: адпускаць нікога ніхто і не збіраўся, але праўда што б’юць адно з ахвоты.

Колькі чалавек можа змясціць у сабе перароблены МАЗ? Відавочна не столькі, колькі прапісваюць у сваех тэхнічных рэгламентах інжынеры, хаця сталыя кліенты месцкага транспарту, якія змушаныя ездзіць у гадзіны “пік”, прыблізна гэтую лічбу ведаюць. Не розумам, але бадай цялесна. Дадаць можна балазе толькі тое, што дручкі тут дапамагаюць падвышаць іхную ўмяшчальнасць на парадак. Хто сумняецца, дручком па спіне. Хто пасля рабіў у тых спецмашынах перакліканне падаюць розныя лічбы - 56, 68, 74, хто больш? Відочна не ўсе здолелі адгукнуцца, мо нехта сказаў два разы, але выразы твару ў тых, каго яшчэ бачна праз незачыненыя дзверы аўтазаку, спалоханыя і пакутлівыя.

Зрэшты вялікі натоўп абвяртаецца для цябе маленькаю купкаю адмыслоўцаў, што паступова выціскаюцца да апошняга аўтазака. Супакойваеш тых, хто з табой, а больш тых, хто насупраць, што не трэба больш біць, мы не супраціўляемся, ідзем, куды кажуць. Галоўнае каб у вочы і спакойным узважаным тонам. Раптоўны боль у назе пад водгук злева “ты што тут самы борзы!” Раз’юшаны сэржант зноў замахваецца дручком, ашчэрыўшы ў злосці зубы, але б’е міма па шчыце свайго таварыша. Добра што па шчыце, хаця і цікава было б пабачыць двубой спецназу. У апошні аўтазак заходзяць апошнія людзі, па дарозе між двух варажнечых шыхтоў з іх зрываюць значкі і адбіраюць сцягі. У адной дзяўчыны, што крочыць наўпрост перад мною, ён закручаны на шыі: не аддае альбо проста прыдушаная праз гэтае гвалтоўнае здзіранне, яна атрымлівае дручкамі па руках, галаве і спіне. У аўтазаку пасля увесь час знаходзіцца ў шокавым стане, паўтараючы як мантру “не падыходзьце да мяне” хлопцу, што спрабуе яе супакоіць. Уваходзіш апошнім, прыкрываючы гэтую дзеўку і хлопца, з адзінаю думкаю, каб не зваліцца пад ногі, бо тады будзе хана. Уваходзіш, запхнуты шчытамі й ўдарамі па нагах, ахінаючы пазорам плошчу бы той небарака капітан месца, дзе патануў ягоны човен.

У аўтазаку нас 13, шчасная лічба, у кожным выпадку - у нас нашмат лепшыя ўмовы за астатніх: паспелі, праўда, сесьці раней за ўсіх. Актывіст з Магілёва, светлавалосы хлопец, што дапамагаў дзяўчыне, адразу ж тэлефануе праваабаронцам, якім мы мусім скідаць свае прозвішчы. Яны будуць на сайце аднымі з першых, кажа ён нам, але тое сумнеўная выгода. Збольшага цэлыя, ды перанапружаныя нэрвы патрабуюць рэлаксацыі: гістэрычна жартуем, п’ем гарбатку з тэрмасаў, ядзім мандарынкі. Свята задалося…

На тым баку слухаўкі спачатку цябе ахінае трывога, пасля плач. Праз некаторы час сціплая надзея на тое, што вось раптам праміне. Хочацца супакоіць родных, але не ведаеш чым.

Аднаму хлопцу зрэшты не вельмі добра, ён трымае раскройваную галаву, хаця кроў ужо амаль не бруіцца. Дзяўчынка няспрактыкавана залівае яму галаву перакісам і мужна змагаецца з бінтам. Хлопец калісь сам працаваў медбратам, таму мусіць ёй даваць у гэтым парады. Нашыя ахоўнікі ў чорным насцярожаныя і маўклівыя, праўда не замінаюць нам рабіць што-хаця. Перадусім тэлефанаваць. Пра нашыя першыя суткі больш за ўсё на воле даведваюцца праз падобнае патуранне. Праз пэўны час машына спыняецца і да нас заганяюць яшчэ з тузын людзей: першы з іх, каларытны мужчына, з першага погляду вонкава падобны на троху зарослага Хаменка. На другі погляд падобны ўжо меней. Але ўсё адно паціскаю руку, бо нават уяўнага знаёмага менавіта зараз побач з табою не стае.

Машына грукаціць па Менску яшчэ мо з паўгадзіны, старанна спыняецца ля светлафораў і выдае нейкія крывуліны, пакуль не заяжджае нарэшце за аплеценыя дротам сцены. Людзі напружваюцца зноўку. Але больш нікога не білі. Рукі дагары і тварам да сцяны, рукі можна апусціць, трымаць за спінамі. На першым паверсе будынка шмат затрыманых і людзей у форме. Усе нэрвуюцца. Апошнім прыводзяць хлопца, магілеўскага актывіста, які пасля распавядае, што ў ягонай прысутнасці праводзілі дагляд аўтазаку (а не білі, як пералякаўся ён спярша). Арматуры, сякераў, наркотыкаў ды петардаў пэўна не знайшлі, як пра тое нам пасля пераканаўчым тонам даводзіў адзін з ахоўнікаў. Ды хто тыя пратаколы дагляду зрэшты бачыў… Гэтак мінулі першыя дзве гадзіны нашага затрымання.

Акрэсцінскія нататкі - 2: Пн. 20.12. Дзень доўгастаяння

Акрэсцінскія нататкі - 3
: ***

Акрэсцінскія нататкі - 4: ***

Акрэсцінскія нататкі - 5: Аўт. 21.12 Дзень метафізычнага адпачынку

Акрэсцінскія нататкі - 6: * * *

Акрэсцінскія натакі - 7: Сер. 22.12. Дзень вялікага пераезду

Акрэсцінскія нататкі - 8: Чц. 23.12. Дзень медыя і шмону

Акрэсцінскія нататкі - 9: Пт. 24.12. Дзень перад Калядамі (пабытовае й вечнае)

Акрэсцінскія нататкі - 10: Сб.-Ня. 25-26.12. Уікэнд задзіночання

Акрэсцінскія нататкі - 11: Пн. 27.12. Дзень візітаў й навасёлаў

Акрэсцінскія нататкі - 12: Аўт. 28.12. Дзень недалёкіх падарожжаў

Акрэсцінскія нататкі - 13: Ср. 29.12. Дзень чужой волі і небяспек няволі

Акрэсцінскія нататкі - 14: Чц. 30.12. Перадапошні дзень года: міжвольны

Акрэсцінскія нататкі - 15: Пт. 31.12. Як святкаваць Новы год за кратамі!

Акрэсцінскія нататкі - 16: Сб. 1.01. Дзень спрадвечнага адпачынку.

Акрэсцінскія нататкі - 17: Ня. 2.01. Адзін дзень да вызвалення!..

Акрэсцінскія нататкі - 18х: Пн. 3.01. Дзень вызвалення!!!

14, 5 сутак цішыні

Previous post Next post
Up