Oct 01, 2009 13:08
Мы, выкладчыкі Дэпартамента палітычных навук ЕГУ, у гэтым адкрытым лісце хацелі б патлумачыць нашу пазіцыю ў канфлікце з-за прызначэння новага куратара бакалаўрскай праграмы «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні».
Мы глыбока занепакоеныя сітуацыяй з парушэннем дэклараваных Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам прынцыпаў павагі акадэмічных свабод і пабудовы універсітэта, які адпавядае высокім стандартам у галіне дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасцяў.
Усяляк вітаючы і падтрымліваючы прынцыпы акадэмічных свабод і самакіравання, мы неаднаразова рабілі захады па іх рэалізацыі ў жыцці і дзейнасці бакалаўрскай праграмы і дэпартамента паліталогіі ЕГУ. У прыватнасці, такімі крокамі былі прадстаўленне пры канцы 2008 года «Канцэпцыі развіцця палітычнай навукі і адукацыі ў ЕГУ», якая прадугледжвае ўвядзенне прынцыпаў акадэмічнага самакіравання, і правядзенне выбараў кіраўніцтва бакалаўрскай праграмы. Выбары, праведзеныя ў сакавіку 2009 года, павінны былі прадэманстраваць гатоўнасць супольнасці да ўвядзення самакіравання. Вызнаючы прынцыпы акадэмічных свабод, мы не можам пагадзіцца з аднабаковымі і непразрыстымі рашэннямі аб прызначэнні кіруючага акадэмічнага складу і службовых асоб дэпартамента. У прыватнасці з:
• скасаваннем вынікаў выбараў кіраўніка праграмы, якія праходзілі зімой 2009 г.• прызначэннем су-дырэктарам дэпартамента А. Сцяпанава без папярэдняга абмеркавання з выкладчыцкай супольнасцю (сакавік 2009 года).
• прызначэннем на пасаду куратара бакалаўрскай праграмы К. Ткачова без папярэдняга абмеркавання кандыдатуры з супрацоўнікамі дэпартамента і без забеспячэння магчымасці разгляду альтэрнатыўных кандыдатур (верасень 2009 году).
• Перапрызначэннем С.А. Навумавай дырэктарам дэпартамента Палітычных навук без абмеркавання кандыдатуры з супрацоўнікамі дэпартамента (верасень 2009 году).
Лічым, что такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем дэклараваных ЕГУ прынцыпаў акадэмічных свабод і самакіравання.
У сувязі з гэтым мы абвяшчаем аб прыпыненні свайго ўдзелу ў навучальным працэсе да таго часу, пакуль гэтыя рашэнні не будуць перагледжаныя ў адпаведнасці з дэклараванымі ЕГУ прынцыпамі акадэмічных свабод і дэмакратыі.
Мы разумеем, што не ўсе супрацоўнікі дэпартамента змогуць прыпыніць свой удзел у навучальным працэсе і ніякім чынам не асуджаем іх выбар. Але мы былі б удзячныя за публічную падтрымку нашых патрабаванняў, паколькі перакананыя, што абарона акадэмічных свабод і ўніверсітэцкага самакіравання адпавядаюць інтарэсам усёй выкладчыцкай супольнасці ЕГУ.
Мы таксама звяртаемся да акадэмічнай супольнасці Беларусі і Літвы і разлічваем на іх падтрымку і разуменне.
З павагай,
выкладчыкі Дэпартамента палітычных навук ЕГУ
Андрэй Казакевіч
Андрэй Ягораў
Сяргей Богдан
Дзяніс Мельянцоў
Аляксей Дзермант
Таццяна Чыжова
Таццяна Вадалажская