BE">З нагоды свята, мае ўжо даволі старыя тэзісы на адну з канферэнцый:
На сучасным этапе развіцця грамадства вялікая ўвага надзяляецца сацыяльнай эфектыўнасці нарматыўных прававых актаў. Вялікае значэнне для яе забеспячэння мае ідэалагічная несупярэчлівасць прававых актаў. Яна з’яўляецца важным фактарам для забеспячэння свядомага і добраахвотнага іх выканання насельніцтвам.
Гісторыя прыводзіць шматлікія прыклады нарматыўных дакументаў, якія з’яўляліся вынікам ідэалагічнай барацьбы ў грамадстве і з-за сваёй каштоўнаснай супярэчлівасці прыводзілі да далейшых сацыяльных канфліктаў. Адным з падобных прыкладаў з’яўляецца Канстытуцыя 3 мая 1791 г. Рэчы Паспалітай.
З канца XVI ст. Рэч Паспалітая паступова пачынае прыходзіць у заняпад. Шматлікія войны прывялі да эканамічнага заняпаду яе эканоміку, які суправаджаўся палітычным крызісам. Шматлікія войны і выгодная вонкавая рынкавая кан’юнктура ў выглядзе высокіх коштаў на збожжа забяспечылі дамінуючую вайсковую, палітычную і эканамічную ролю шляхты і магнатаў ў краіне, замацавала прыгонніцкія адносіны. У выніку фармальна досыць шырокія паўнамоцтвы караля з-за ўсеўладдзя шляхты фактычна не рэалізоўваліся ім самастойна. «Liberum veto» у сваю чаргу паралізавала дзейнасць Сейма. Кіраванне краінай перайшло да мясцовых органаў, якія знаходзіліся пад уплывам розных магнацкіх груповак, якія запаўнялі ўнутрыпалітычнае жыццё дзяржавы міжусобіцамі і сутыкненнямі.
Маруднае развіццё буржуазных адносін у эканоміцы, сінтэз сярэднявечных уяўленняў з элементамі пратэстанцкай ідэалогіі ў выніку прывялі да распрацоўкі і распаўсюджання сармацкай ідэалогіі, якая ў XVII ст. стала пануючай у дзяржаве.
Неад’емным элементам сарматызму быў культ шляхецкага стану. Тэорыя шляхецтва будавалася як на «натуральным», так і «звышнатуральным» падмурках. У адпаведнасці з першым, вызначальнае значэнне мела канцэпцыя «прыроджанай высакароднасці», згодна з якой высокая сацыяльная карыснасць шляхецтва вынікае са значнасці крыві, а паводле ідэі богаабранасці шляхты - Бог стварыў шляхту дзеля абароны веры і Каталіцкай царквы, якая атрымала выключныя прывілеі.
Статус сялян і гараджанаў трактаваўся як непалітычны, ім поўнасцю адмаўлялася ў праве на ўдзел у фарміраванні органаў кіравання. Яскравай праявай культа шляхецтва і яе роўнасці стала ўвядзенне ў 1589 г. прынцыпу аднагалосся пры прыняцці сеймавых пастаноў («liberum veto»).
Пашырэнне ўплыву шляхты прывяло да распаўсюджання поглядаў на дагаворную прыроду адносін паміж шляхтай і каралеўскай уладай. Шляхецкія свабоды трактаваліся як спрадвечныя. Экзэкуцыйная праграма патрабавала вяртання шляхце тых адвечных правоў, якія быццам бы незаконна адабрала каралеўская ўлада.
Сярод пануючага класу склалася перакананне аб дасканаласці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Яна лічылася прыкладам найлепшай формы кіравання - змешанай (паводле канцэпцыі Арыстоцеля), якая гарантуе сапраўдны росквіт свабоды. Любыя змяненні большая частка шляхты адмаўляла, лічыла шкоднымі.
Альтэрнатыўныя дамінуючай сармацкай ідэалогіі погляды ў Рэчы паспалітай доўгі час не ўспрымаліся. Аднак пасля стабілізацыі міжнародных сувязяў у сярэдзіне XVIII ст., якія паскорылі эканамічнае адраджэнне дзяржавы, ў Рэч Паспалітую з Заходняй Еўропы пачынаецца пранікненне асветніцкай ідэалогіі.
Пад яе ўплывам пашыраюцца антыпрыгонніцкія ідэі, расце колькасць прыхільнікаў рэфармавання грамадства на новых буржуазна-дэмакратычных асновах. Яны жорстка крытыкуюць саслоўныя парадкі «шляхецкай анархіі», бяспраўе значнай часткі насельніцтва, юрыдычную непісьменнасць службоўцаў і суддзяў і вылучаюць прапановы па рэфармаванні дзяржавы на прынцыпах рацыянальнасці, замацаванні натуральных правоў і свабодаў.
У кастрычніку 1788 г. сабраўся чарговы Сейм Рэчы Паспалітай, названы пазней Чатырохгадовым. Партыя рэфарматараў выніку вострай барацьбы змагла дасягнуць прыняцця шэрагу заканадаўчых актаў, якія сталі пачаткам рэформ дзяржаўнага і грамадскага ладу Рэчы Паспалітай. Рэформы падсумавала Канстытуцыя, прынятая 3 мая 1791 г.
Аб вастрыні ідэалагічнага канфлікту ў грамадстве сведчыць і сам парадак прыняцця Канстытуцыі. Так, лідэры прагрэсіўнай плыні вырашылі прадставіць яе Сейму, скарыстаўшы пры гэтым даволі спрыяльны час - адразу пасля велікодных канікул, калі большая частка кансерватараў не паспела яшчэ з’ехацца ў Варшаву. Праект Канстытуцыі дэпутатам не раздаваўся, а быў зачытаны сакратаром, нягледзячы на пратэсты апазіцыі [1, с. 37].
Сам кароль выступаў за праект тройчы. Не вытрымаўшы такога ціску, адзін з кансерватыўных дэпутатаў узяў за руку маленькага сына, якога ён прывёў з сабой, закрычаў: «Я заб’ю сваё дзіця.. каб яно не дажыла да няволі, каторую рыхтуе гэты праект» [1, с. 37]. Гэты жэст не аказаў ніякага ўплыву. Канстытуцыя была прынята.
Наяўнасць моцнай кансерватыўнай партыі, неспрыяльны рэформам міжнародны ўплыў суседніх дзяржаў, непадрыхтаванасць значнай часткі грамадства да зменаў перашкаджалі правядзенню рэформаў, прывялі да непаслядоўнасці зменаў, ідэалагічнай супярэчлівасці Канстытуцыі. Так, у вобласці прававога становішча жыхароў Рэчы Паспалітай абвяшчаўся прынцып усеагульнасці грамадзянства, усе жыхары складалі «народ». Аднак, адзіным артыкулам Канстытуцыі, дзе пад народам разумеліся ўсе грамадзяне, быў арт. 11, які называўся «Народныя ўзброеныя сілы» [1, с. 111]. Усеагульнасць грамадзянства спалучалася з саслоўнай няроўнасцю грамадзян. Так, прызнаючы ролю сялянства у складанні «найбольшых багаццяў краіны», аб'яўляючы іх вольнымі грамадзянамі, арт. 4 Канстытуцыі 3 траўня 1791г. не надавала ім права вольнага заключэння дамоваў з памешчыкамі і свабоды сыходу ад іх. [1, с. 96-98]. Сялянам толькі гарантавалася апека дзяржавы ў забеспячэнні ўзаемнасці абавязкаў па дамовах з памешчыкамі і немагчымасць апошнім іх парушыць.
Правы мяшчан і шляхты паступова ўраўноўваліся, але зліцця саслоўяў у палітычных правах не адбылося. У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законамі Пасольская ізба, ніжняя палата, складалася з 204 дэпутатаў, абраных на шляхецкіх сейміках, і 24 прадстаўнікоў гарадоў, абраных на акруговых зборах, з правам вырашальнага голасу па пытаннях гарадоў, дарадчым па пытаннях гандлю і прамысловасці. Законам аб гарадах, які стаў неад’емнай часткай Канстытуцыі, мяшчанам дазвалялася займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, працаваць у якасці адвакатаў і, самае галоўнае, набываць маёнткі, населеныя залежнымі сялянамі, што ў выпадку іх кошту звыш 2 тыс. злотых давала права хадайніцтва аб уводзінах у шляхецкае саслоўе. На мяшчан распаўсюджваліся такія ж правы асабістай недатыкальнасці, свабоды слова і друку, як і на шляхту [2]. У той жа час, закон распаўсюджваўся толькі на каралеўскія гарады, тыя ж, што належалі іншым землеўладальнікам, атрымлівалі дадзеныя прывілеі толькі са згоды ўласніка зямлі, на якой знаходзіўся горад [2, с. 124].
Канстытуцыя дэкларавала непадзельнасць, суверэнітэт і незалежнасць краіны, вяршэнства закона, свабоду веравызнанняў, але пры дамінаванні каталіцкай царквы. У вобласці дзяржаўнага кіравання былі адмененыя найбольш архаічныя інстытуты дзяржаўнага права эпохі феадалізму - «ліберум вета», выбарнасць караля, права на стварэнне канфедэрацый, прынцып мясцовага прадстаўніцтва дэпутата Сейму (з гэтага часу ён прадстаўнік народа, а не свайго павету), уводзіліся інстытуты падзелу ўладаў, контрасігнатуры актаў караля, стала дзейнічаючага ўрада. Аднак дадзеныя інстытуты і прынцыпы спалучаліся з саслоўным прынцыпам фармавання вышэйшага прадстаўнічага органа (з выкарыстаннем высокага маёмаснага цэнзу), мясцовых органаў улады. Кароль, у адпаведнасці з новымі тэорыямі, узначаліў выканаўчую ўладу, надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі, аднак усе прававыя акты караля набывалі сілу закона толькі пасля подпісу адпаведнага міністра. Абвяшчаўся прынцып незалежнасці судовай улады, але захоўваліся асобныя саслоўныя суды для шляхты, гараджан і сялян.
Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. праіснавала толькі год. Супраць рэформаў паўстала кансерватыўная арыстакратыя, якая звярнулася за ваеннай дапамогай да суседніх дзяржаў. Гэта прывяло да акупацыі краіны войскамі замежных дзяржаў, адмены Канстытуцыі, а потым да другога падзелу Рэчы Паспалітай.