Кот, якога мы згубілі

Nov 19, 2012 23:28

“Мяне завуць Бонд. Бонд Бась Маклахлін, - кажа гэтае прымружанае вока. - І я ўмею дэматэрыялізавацца і праходзіць праз зачыненыя дзьверы”.



Гэта праўда. Ледзь ня першае, што зрабіла Аленка Анрэеўна, прыехаўшы ў горад Варшаву, гэта з клічам “Коцік!” (хто ведае, той жахнецца загадзя) пачала ганяцца за ім па невялічкай “кавалерцы”, дзе ён да таго часу спакойна жыў са сваёй гаспадыняй . І калі ён раптам зьнік, і не знайшоўся ані за шафай, ані на шафе, ані ў шафе, ані за канапай, ані пад канапай (на канапе ў той час спакойна сядзела Маша Пушкіна і шукала ў нэце, у які музэй можна пайсьці ў панядзелак зь дзіцёнкам), я ўявіла страшную карціну, як кот, пакуль мы адчынялі дзьверы Машы, прасьлізгвае між яе ног і ляціць на злом галавы шукаць гаспадыню, што пакінула яго сам на сам з гэткімі варварамі.

Мы дасьледвалі кватэру і пад’езд, зазірнулі пад усе машыны ў двары, абышлі вакол дома, напісалі запісачкі і наляпілі іх на дзьверы пад’езда. Алена Андрэеўна за гэты час навучылася карыстацца дамафонам, напісала некалькі кранальных аб’яваў з фотаробатамі і разьвесіла іх у пакоі. І ў той момант, калі я думала, наколькі моцна мне лупіць сваёго дзіцёнка за давядзеньне ката да ўцёкаў з дому, кот знайшоўся. У канапе. На якой у момант яго зьнікненья сядзела Маша. І ў якой была толькі шчылінка памерам два на дзесяць сантымэтраў. Як ён туды трапіў - я дагэтуль уявіць не магу.

Проста яго завуць Бонд



*

за нашыя падарожжы, фота ў студыю, выхад у людзі, нататкі юнага натураліста

Previous post Next post
Up