Польска-беларускі (а трошкі расейскі і ўкраінскі) слоўнік фальшывых сяброў перакладчыка. Частка 2

Oct 08, 2012 11:49

З нагоды завяршэньня чарговага перакладу вывешваю другую частку слоўніка фальшывых сяброў перакладчыка. Першую частку можна паглядзець тут.


Як і мінулым разам, фіксую ня толькі новыя набыткі, але і старых даўновядомых сяброў (як грыцца, стары друх можа падставіць круцей за новых двух).



Такім чынам, вось што маем:

Prawo - закон (Вы думаеце, ў вас ёсьць правы? Не, ў вас ёсьць толькі абавязкі перад законам)

Nagle - раптоўна (З даўніх легендаў пра памылкі перакладчыкаў: “Наглый заяц выскочил на дорогу”)

Żadny - ніводзін (З тых жа легендаў: “Жадная рука его не коснется”)

Szyna - рэйка

Regularny - нармальны

Podpaska - пракладка

Rosół - булён

Próbnik - палітра

Faktor - пасярэднік.

Popis - паказ, дэманстрацыя (Слова “попіс” у множным ліку было для мяне асабліва актуальна гадоў шэсьць таму, але і дагэтуль часам зьяўляецца ў страшных начных кашмарах).

Karny - дысцыплінаваны (лагічна, у прынцыпе; як падказвае мне мой досьвед выхаваньня - ідэальнай дысцыпліны можна дабіцца толькі па попе:))

Gnuśny - лянівы, сонны.

Karawan - катафалк

Stracić - пакараць

Rychły - хуткі

Pośpiech - пасьпешлівасьць

Porwać - захапіць (ва ўсіх сэнсах - ад фізічнага да эстэтычнага, так што выраз “ён парваў залю” - паланізм)

Bajda - байка (а зусім не рыбацкая лодка, і тым больш - не байдарка)

Bajdurzyć - распавядаць небыліцы (тут мы можам назіраць фальшывага сябру ўкраінскага народу, бо па-укр. байдужы - абыякавы - “Плаче свинка у калюжі, Бо до неї всі байдужі...” (Р. Скыба))

І дзьве прафэсіі, якія проста ўзарвалі мой мозг:

Oprawca - жывадзёр, памочнік кАта

Pogromca - дрэсіроўшчык.

*

фальшывыя сябры перакладчыка, пераклад

Previous post Next post
Up