Стомленасьць Парыжам

May 02, 2012 19:43

Выбачайце за банальную назву, але мы з Аленай Андрэеўнай з Парыжу некалькі дзён таму вярнуліся вельмі стомленыя. Засвоілі, так бы мовіць, прасторы далейшыя за Польшчу з Расеяй і Ўкраінай:) Уражаньняў, самі разумееце, безьліч. Ну і, як заўсёды, я ня здольная зфіксаваць усё падрабязна.



Чым багатыя, тое і раскажам:) Але амаль не пакажам. Бо я доўга выцыганівала фатаапарат у добрага чалавека maryjka_. І, выцыганены, ён зрабіў літаральны адзін-адзіны парыскі здымак, а потым, сказаўшы “памылка зуму”, працаваць адмовіўся. Пабачыў Парыж і памёр, я так думаю. Таму прыйшлося здымаць сьвежанабытым тэлефонам. І фоткі атрымаліся ў стылі “я тут быў, а майстэрства і побач не начавала”. Амаль на ўсіх здымках гарызон заваліўся ў правы бок. І Эйфелева вежа ператварылася ў самі-знаеце-якую.

Ляцелі мы з Аленкай цудоўным самалётам “Ryanair”. У два разы таней, чым татка ляцеў самалётам “Белавіа”. Вылятаючы зь Вільні, варта садзіцца па левым борце, а, вяртаючыся, адпаведна - па правым. Вільня з вышыні птушынага палёту ўражвае ня менш, чым зь зямлі. За завочныя кансультацыі па набываньні білетаў дзякуй вялікі kirilllka. Роўна як за кансультацыі па выбіраньні жытла. Але знайсьці кватэру на месяц за тыдзень да засяленьня - гэта, я вам скажу, каштуе вялікіх нэрваў і немаленькіх грошай.

Знайшлі мы каморку пад дахам. Нават не мансарда, а натуральны паддашак, куды трэба караскацца па вузенькай лесьвічцы, зь цяжкасьцю прапіхваючы перад сабой чамадан. Але Андрэю там жылося цалкам камфортна, пакуль не прыехалі мы. Прыйшлося вучыцца максымальна эканоміць рухі, бо, устаючы з унітазу, можна было выпадкова галавой вырубіць пробкі, а, прымаючы душ, заліць вадой ложак. Рамантыка, адным словам. Затое, у двух кроках ад Люксембургскага саду, паміж вуліцамі Магільшчыкаў, Старой Галубятні, Фэру і Важырар (аматары Дзюма мяне зразумеюць:))

Надвор’е ў Парыжы - асобная гісторыя. Днямі бачыла ў фэйсбуку чыйсьці здымак з прагнозамі на 28-га красавіка: Менск - 28, Парыж - 16. Хтосьці адкаменціў: маўляў, гэта белметэа сабе варожыць. Але сьведчу - сапраўды так: зьяжджалі мы з парыскіх +12, прыехалі ў віленскія, а потым і менскія +25. Кажуць, 260 дзён з усяго году ў Парыжы ліе дождж. Я вам не скажу за ўвесь год. Але апошні тыдзень красавіка быў вельмі даждлівы. Два самыя мокрыя дні мы правялі ў музэях, дзе пэрыядычна выцягвалі аленчыны ногі з намоклых красовак і закручвалі ў сухія папяровыя насоўкі, дастаўшы ўвільгатнелыя папярэднія “парцянкі”.



У Люўры мы правялі цэлых чатыры гадзіны. Апярэджваючы пытаньні, скажу адразу - Люўр супраць Алены Андрэеўны выстаяў, але зь цяжкасьцю. Яна яго таксама вытрымала зь цяжкасьцю.



Прагледзець уважліва мы пасьпелі толькі XVII-XIX стагодзьдзе, таму варта будзе вярнуцца:) Паколькі асноўная частка наведнікаў таўклася вакол італьянца, мы спакойненька фатаграфаваліся з французамі.



А вось мой найлепшы парыскі здымак.



У музэй Сярэднявечча я ішла, асабліва не спадзеючыся што-небудзь убачыць. Але Аленку ад пачатку нэйтралізаваў фільм пра гісторыю музэйнага будынку. Пакуль мы разглядалі вітражы і габэлены, яна прагледзела гэты фільм тры разы, зрабілася вялікім спэцыялістам па браме абацтва Клюні і далей хадзіла па музэі, гордая тымі ведамі, што перапаўнялі яе.

Вельмі спэцыфічна было пасьля дыснэйлэндаўскіх (пра гэта асобна) атракцыёнаў-пужалак наведаць “Катакомбы” - старадаўнія капальні, частка якіх ў другой палове 18 стагодзьдзя была ператвораная ў могілкі могілак. Ідзеш па сутарэньнях сярод акуратна складзеных у штабелі костак і чарапоў і адчуваеш, што omnia сапраўды vanitas.



Але пераважна мы хадзілі не па музэях, а па парыскіх вуліцах, садах і парках, каталіся на арэлях, заходзілі ў храмы, ставілі сьвечкі і слухалі арган, каталіся на параходзіку па Сене і на паравозіку па Манмартры, залазілі на Эйфелеву вежу (да другога яруса самі, бязь ліфту; дарэчы, там ёсьць асобны шапічак зь білетамі для тых, хто пойдзе пешкі, і чаргі ў той шапік амаль няма, у адрозьненьне ад агромных чэргаў на ліфт).



А гэта данжон у замку Вэнсэн. Зь якога, калі помніце зьмест “Дваццаці гадоў пасьля”, Атос вызваляў герцага дэ Бафора.


А вось гэтая сьценачка зьлева засталася ад невялічкага храму, у якім да 16 стагодзьдзя праходзіў абрад выбараў рэктара Сарбоны. У 16 стагодзьдзі сьвежавыбраны рэктар студэнтам не спадабаўся. І яны яго забілі, а храм разбурылі. Новы пабудавалі побач, а сьценку пакінулі.



А ў апошні дзень мы знайшлі самую шыкоўную кропку агляду гораду Парыжу - дах універмагу Printemps. Там было халодна і ветрана, але вельмі прыгожа.

***

за нашыя падарожжы, тэлефонаграфія

Previous post Next post
Up