Ізноў фрагмэнты-прэзэнты:)

Oct 10, 2010 16:39

Фрагмэнты з “Правеку ды іншых часоў” для magdalena_jo_jo і для ryzhkou (працягваю аддаваць даўгі за афішку:))

Для magdalena_jo_jo

Міся, як кожны чалавек, нарадзілася няпоўнай, разьбітай на часткі, на кавалкі. Усё ў ёй было асобна - зрок, слых, разуменьне, адчуваньне, прадчуваньне і пазнаньне. Усё будучае жыцьцё Місі павінна было зводзіцца спачатку да складаньня ўсяго гэтага ў адзінае цэлае, а потым да дазволу на распад.
Ёй быў неабходны нехта, хто б стаў перад ёй і быў для яе люстэркам, у якім бы яна адбілася цалкам.
Першая згадка Місі была зьвязаная з вобразам абшарпанага мужчыны на дарозе да млына. Ейны бацька ледзь трымаўся на нагах, а потым часта плакаў ноччу, уваткнуўшыся ў маміны грудзі. Таму Міся палічыла яго роўным сабе.
З таго часу яна адчувала, што ніякай сур’ёзнай розьніцы паміж дарослым і дзіцём не існуе. Дзіця і дарослы чалавек - гэта пераходныя станы. Міся навочна назірала, як зьмяняецца яна сама і як вакол яе зьмяняюцца іншыя, але яна ня ведала, да чаго гэта вядзе і якая мэта гэтых зьменаў. У кардоннай скрыначцы яна захоўвала памяткі пра саму сябе, спачатку зусім маленькую, а пасьля і вялікую - гарусныя немаўляткавыя боцікі, маленькую шапачку, быццам пашытую на яе кулак, а не на дзіцячую галоўку, палатняную кашульку, першую сукенку. Потым яна ставіла сваю шасьцігадовую ножку каля гаруснага боціка і адчувала захапляльныя законы часу.
Ад вяртаньня бацькі Міся пачала бачыць сьвет. Да таго ўсё было змазаным і нярэзкім. Да гэтага часу Міся сябе ня памятала, быццам увогуле не існавала. Памятала толькі асобныя рэчы. Млын здаваўся ёй велізарнай, маналітнай брылай, без пачатку і канца, бязь нізу і верху. Потым яна ўбачыла млын іначай - розумам. Ён меў сэнс і форму. Гэтаксама адбывалася і зь іншымі рэчамі. Калісьці, калі Міся думала “рака”, гэта значыла нешта халоднае і мокрае. Цяпер яна ведала, што рака цячэ аднекуль кудысьці, што за мостам і перад ім - тая самая рака, і што існуюць іншыя рэкі… Нажніцы - калісьці гэта была дзіўная, складаная і цяжкая ва ўжытку прылада, якую маці выкарыстоўвала нейкім дзіўным чынам. Калі за стол сеў бацька, Міся ўбачыла, што нажніцы - гэта просты мэханізм з двух лёзаў. Яна зрабіла сабе нешта падобнае зь дзьвюх плоскіх палачак. Потым яна доўга спрабавала ўбачыць рэчы такімі, якімі яны былі раней, але бацька зьмяніў сьвет назаўсёды.

Для ryzhkou (Віталь, папярэджваю, гэты кавалак не нясе абсалютна ніякай асацыятыўнасьці:) У папярэдніх, можа што і было, а гэты - ніякай. Проста надта мне гэты эпізод падабаецца. Я яго, дарэчы, выклала, толькі напалову, і працяг там ня горшы:))

Позьняя вясна была для ксяндза пробашча самай ненавіснай парой году. Перад днём Сьвятога Яна Чорная нахабна залівала ягоныя лугі.
Ксёндз быў па натуры запальчывы і датклівы што да сваёй годнасьці, таму, калі ён бачыў, як штосьці такое незразумелае і расхлябанае, такое ніякае і бессэнсоўнае, такое няўлоўнае і баязьлівае адбірае ў яго лугі, яго ахопліваў гнеў.
Адразу з вадой зьяўляліся бессаромныя жабы, голыя і брыдкія, якія няспынна залазілі адна на адну і тупа спароўваліся. Пры гэтым яны выдавалі агідныя гукі. Падобны голас мусіў быць у д’ябла: крумклівы, мокры, ахрыплы ад юрлівасьці, дрыготкі ад неспатоленай жарсьці. Акрамя жабаў на ксяндзовых лугах зьяўляліся вадзяныя вужакі, якія перасоўваліся такімі гідкімі і віхлястымі рухамі, што ксяндзу пробашчу адразу рабілася моташна. Ад адной думкі, што доўгае, сьлізкае цела можа дакрануцца да ягонага бота, яго калаціла ад агіды, а страўнік спазматычна сьціскаўся. Вобраз вужакі потым надоўга западаў яму ў памяць і ўрываўся ў сны. У абалонах таксама заводзіліся рыбы, але да іх ксёндз пробашч ставіўся значна лепш. Рыб можна было есьці. Таму яны былі істотамі добрымі, божымі.
Рака разьлівалася па лугах на працягу трох найкарацейшых начэй. Пасьля таго, як нашэсьце спынялася, яна адпачывала і адбівала ў сабе неба. Так яна адлежвалася зь месяц. Пад вадой месяц гніла сакавітая трава, а калі лета было сьпёчным, над лукамі ўзьнімаўся пах распаду і гніеньня.
Ад Сьвятога Яна ксёндз штодзённа прыходзіў глядзець, як чорная рачная вада залівае кветкі сьвятой Маргарыты, званочкі сьвятога Роха і зёлкі сьвятой Клары. Часам яму здавалася, што бязьвінныя блакітныя і белыя галоўкі кветак, залітых па самую шыю, моляць яго аб дапамозе. Ён чуў іх таненькія галасы, падобныя да звону званочкаў на Ўшэсьце. Ён нічога ня мог для іх зрабіць. Толькі чырванеў і бясьсільна сьціскаў далоні.
Ён маліўся. Пачынаў з малітваў да сьвятога Яна, які асьвячае ўсялякія воды. Але часта яму здавалася, што сьвяты Ян яго ня слухае, што ён больш заняты выраўноўваньнем дня і ночы, вогнішчамі, распаленымі моладзьдзю, гарэлкай, праводзінамі вянкоў, кінутых на ваду, начнымі шолахамі ў кустах. Ксёндз нават шкадаваў сьвятога Яна, які рэгулярна, штогод, дапускаў, каб Чорная залівала лугі. Але праз гэта ён быў трохі абражаны на сьвятога Яна. Нават пачаў маліцца самому Богу.
На наступны год пасьля найвялікшай паводкі Бог сказаў ксяндзу пробашчу: “Адмяжуй раку ад лугоў. Навязі зямлі і пабудуй абарончы вал, які ўтрымае раку ў рэчышчы”. Ксёндз падзякаваў Богу і пачаў арганізоўваць насыпаньне валоў. Пару тыдняў ён грымеў з амбону, што рака зьнішчае божыя дары і заклікаў да агульнага супрацьстаяньня стыхіі наступным чынам: адзін мужчына ад кожнай сям’і два дні на тыдзень будзе насіць зямлю і насыпаць вал. Правеку выпалі чацьвер і пятніца, Яшкотлям - панядзелак і аўторак, Котушаву - серада і субота.
У першы дзень, прызначаны Правеку, на працу выйшлі толькі двое - Маляк і Херувім. Раззлаваны ксёндз пробашч сеў у сваю брычку на рысорах і аб’ехаў усе хаты ў Правеку. Выявілася, што ў Сэрафіма зламаны палец, маладога Флярыяна забіраюць у войска, у Хліпалаў нарадзілася дзіця, а ў Сьвятошы грыжа.
Таму ў ксяндза нічога ня выйшла. Паўшы духам, ён вярнуўся ў плябань.
Вечарам за малітвай ён зноў раіўся з Богам. І Бог адказаў: “Заплаці ім”. Гэты адказ трошкі зьбянтэжыў ксяндза пробашча. Але таму як Бог ксяндза пробашча часам бываў падобны да яго самога, то адразу дадаў: “Дай, самае большае, дзесяць грошай за працадзень, бо іначай вычынка ня вартая аўчынкі. Усё тое сена каштуе ня больш за пятнаццаць злотых”.

Ну вось, хто яшчэ хоча атрымаць сабе фрагмэнт з пакуль не надрукаванай па-беларуску (гэта не жартачкі, шаноўны выдавец клянецца і бажыцца, што заўтра, ўжо зранку… паверым?) кніжкі, у вас засталося часу на замовы толькі да заўтрашняга вечара.

Дарэчы, прайдзісьветы, Вользе вельмі спадабалася публікацыя: bardzo sie ciesze z tej internetowej publikacji fragmentow. Super! (канец цытаты)

*

Правек, пераклад

Previous post Next post
Up